У Краснадары чакалі дэлегацыю беларусаў, але даехаў усяго адзін чалавек

З 21 па 24 красавіка 10 вядучых беларускіх прадпрыемстваў павінны былі прыехаць у Краснадар. Але наладзіць узаемавыгаднае супрацоўніцтва не атрымалася. Да Кубані даехаў толькі адзін чалавек – намеснік начальніка па маркетынгу кампаніі Белкамунмаш. Хто вінаваты ў гэтым непаразуменні і куды зніклі астатнія чальцы дэлегацыі, высвятляла Еўрарадыё. Версіі бакоў разыйшліся, а сама сітуацыя апынулася досыць камічнай. Аказваецца, ехаць у Краснадар беларусы і не збіраліся. “Можа быць хтосьці і планаваў, але мы нічога не планавалі”, кажа супрацоўнік беларускай гандлёва-прамысловай палаты:

“Я не ведаю, хто вас інфармаваў, што паедуць у Краснадар. Мы не планавалі, я вам шчыра кажу. Таму што у нас ужо з канца мінулага года было вядома, што мы 21-24 чысла праводзім беларуска-расійскі эканамічны форум. Усе генеральныя дырэктары будуць у нас сёння тут на форуме. Можа быць хтосьці і планаваў, але мы тут з цэнтру ўсю гэту справу адмянілі, таму што трэба, каб усе генеральныя дырэктары былі тут”.

Да апошняга моманту чакалі краснадарцы дэлегацыю з Беларусі:

“Планавалася, што прыедуць “Радэкс”, “Васілёк”, “Промагралізінг”, “Белкамунмаш” і “Мультыпаркінг”...”

“Ніхто не прыехаў”, - сумна адзначыла Еўрарадыё прэс-сакратар Краснадарскай гандлёва-прамысловай палаты Наталля. Прычына, на яе думку ў тым, што не сфарміравалася сама беларуская дэлегацыя. А пра тое, што адзін чалавек усё ж даехаў, прэс-сакратар нічога не ведае.

Еўрарадыё: Вашыя СМІ пішуць, што даехала толькі адно прадпрыемства, “Белкамунмаш”…

ГПП: Куды даехала?

Еўрарадыё: У Краснадар.

ГПП: Мы не ў курсе, можа яны самі прыехалі…

У Белкамунмашы нам пацвердзілі, што іх прадстаўнік цяпер знаходзіцца ў Краснадары. Але чаму туды ён паехаў адзін і што цяпер робіць на Кубані, застаецца таямніцай.

Фота: www.photosight.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі