У Кіеве абверглі датычнасць да выбухаў у Крыме

Выбухі на палігоне ў Крыме / Reuters
Выбухі на палігоне ў Крыме / Reuters

Украінскія СМІ абвяргаюць інфармацыю пра адказнасць ваеннай разведкі Украіны за выбухі на палігоне ў Крыме. "Праведзеная паспяховая аперацыя ў акупаваным Крыме", — такое паведамленне з'явілася ў тэлеграм-канале ад імені кіраўніка Галоўнага ўпраўлення разведкі ўкраінскага Мінабароны Кірыла Буданава. Гэта нібыта была сумесная праца ГУР і УСУ. Буданаў таксама падзякаваў украінскім патрыётам у Крыме "за дадатковыя падрабязныя звесткі і відэа сумеснай працы". Гэта фэйкавы акаўнт, сцвярджае УНІАН.

Тым часам рэсурс "Крымскі вецер" са спасылкай на свае крыніцы сцвярджае, што "на Старакрымскім палігоне ёсць 200-я і шмат 300-х", то-бок загінулыя і параненыя.  Хоць кіраўнік акупацыйных уладаў Крыма Сяргей Аксёнаў настойвае, што ахвяр няма. Паводле звестак "Крымскага ветру", на складах палігона знаходзілася "шмат снарадаў буйнога калібра, якія пры выбуху могуць паляцець на кіламетры".

Мясцовыя рэсурсы пішуць, што прычынай падрыву складоў на Старакрымскім палігоне сталі меркавана ракеты Storm Shadow/SCALP. Паводле іншай версіі, удар быў нанесены ўкраінскім комплексам "Гром-2". Па словах жа Сяргея Аксёнава, "прычыны ўзгарання на палігоне ў Кіраўскім раёне высветляць следчыя органы". Праз пажар і выбухі на палігоне была перакрытая траса "Таўрыда", арганізаваны аб'езд.  Акрамя таго, з найбліжэйшых населеных пунктаў эвакуявалі больш за 2000 тысяч чалавек.

Украіна гэтай ноччу таксама перажыла атаку. За некалькі хваляў атак расіяне выкарысталі крылатыя ракеты "Калібр" і "Онікс", а таксама 32 ударныя дроны. Частку цэляў Сілы абароны Украіны знішчылі. Але былі і траплянні. Адной з мэтаў расіян быў Адэскі порт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі