Вы тут

У Касцюковічах міліцыя вылічыла хлопца, які з размаху кінуў на асфальт ката

Гэтым навучэнцам зацікавілася міліцыя / Скрыншот з відэа

У Касцюковічах міліцыя вылічыла хлопца, які з размаху кінуў на асфальт ката. Відэа з'явілася ў сацыяльных сетках і было заўважана сілавікамі. Высветлілася, што з жывёлай жорстка абыходзіўся навучэнец адной з мясцовых навучальных устаноў. Якое ён атрымае пакаранне, пакуль невядома. Праводзіцца праверка, інфармуе ў Telegram прэс-служба МУС.

Партал TUT.by дадае, што гаворка ідзе пра навучэнца касцюковіцкага прафэсійнага ліцэю № 8. Хлопцу 17 гадоў, ён вучыцца на другім курсе. Намеснік дырэктара навучальнай установы Ірына Баброва кажа, што з хлопцамі, якія маюць дачыненне да згаданага відэа, працуе псіхолаг. Іх сем'і наведала спецыяльна створаная камісія, якая размаўляла з бацькамі і дзецьмі. Па словах Бабровай, кот часта з'яўляўся на тэрыторыі ліцэю. "Я ўчора яго бачыла — ён здаровы, не кульгае і паводзіць сябе як звычайна", — кажа яна.

За жорсткае абыходжанне з жывёламі ў нашай краіне можа пагражаць не толькі адміністрацыйная, але і крымінальная адказнасць (яна была ўведзена чатыры гады таму).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.