У Камянецкім раёне двухгадовая дзяўчынка выпала з акна

У Камянецкім раёне двухгадовая дзяўчынка выпала з акна

У Камянецкім раёне двухгадовае дзіця выпала з акна. Здарэнне адбылося 2 ліпеня каля 14:50 у прыватным доме ў вёсцы Мікалаева. Сям'я берасцейцаў прыехала на выходныя "ў госці да бабулі". Дзяўчынка гулялася на кухні, пакуль яе маці гатавала ежу. Яна не заўважыла, як дачка ўзлезла на спінку канапы, што стаяла каля акна. 

У выніку дзяўчынка з вышыні прыкладна ў 0,8 метра ўпала на бетонную пляцоўку. З траўмай галавы яе тэрмінова адвезлі ў бальніцу. Зараз вырашаецца пытанне пра яе выпіску.

Сёлета гэта ўжо далёка не першы выпадак, калі дзеці падаюць з вышыні. У сакавіку трохгадовая дзяўчынка выпала з акна другога паверха ў Бабруйску. У траўні два дні запар падобныя няшчасці здараліся ў Брэсцкай вобласці. Спачатку 22 траўня трохгадовы хлопчык выпаў з акна чацвёртага паверха ў Брэсцкім раёне, а на наступны дзень двухгадовае дзіця выпала з акна восьмага паверха ў самім абласным цэнтры.

А 25 траўня ў Мінску з пятага паверху выпала аднагадовая дзяўчынка — і засталася жывая.

Увечары таго ж дня ў Камянецкім раёне траўмавалася іншае дзіця. У вёсцы Заляшаны сямогадовая дзяўчынка вырашыла пакарміць каня хлебам, а той рэзка развярнуўся і ўдарыў яе ў галаву капытом.

Акалічнасці здарэнняў правяраюць следчыя. А ўпраўленне Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці заклікае бацькоў быць пільнымі і асцярожнымі і не пакідаць дзяцей без нагляду.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі