У Італіі вызвалілі ўсіх затрыманых фанатаў мінскага "Дынама" (відэа)

Беларускім футбольным фанатам дазволілі пакінуць тэрыторыю Італіі. 47 чалавек былі ўчора затрыманыя, а 14 арыштаваныя ў Фларэнцыі. Адбылося гэта перад матчам групавога раўнда Лігі Еўропы паміж "Фіярэнцінай" і мінскім "Дынама" (беларусы яго выйгралі з лікам 2:1).  

Паводле дадзеных італьянскіх СМІ, група беларускіх заўзятараў адмовілася ехаць на стадыён на аўтобусе. Футбольныя фанаты вырашылі прайсці шэсцем па горадзе. Яны заблакавалі адну з гарадскіх вуліц, многія былі нецвярозымі. З бара яны захапілі з сабой піўныя куфлі і крэслы, якія потым пачалі кідаць у паліцэйскіх, 7 праваахоўнікаў былі параненыя. У затрыманых фанатаў забралі дубінкі, дымавыя шашкі і плакат з кельцкім крыжом.


Як інфармуе БЕЛТА, 12 снежня ў Палацы правасуддзя Фларэнцыі прайшоў судовы працэс над 14 беларусамі. На ім прысутнічаў прадстаўнік беларускага пасольства. Суд пацвердзіў правамернасць арышту заўзятараў органамі правапарадку, але з прычыны адсутнасці сацыяльнай небяспекі іх вызвалілі.

Аднак абвінавачванне настойвае, што ёсць доказы правапарушэння. Новае судовае паседжанне прызначылі на 15 чэрвеня 2015 года. На гэтым пасяджэнні беларусы могуць прысутнічаць як асабіста, так і скарыстацца паслугамі адваката, які будзе прадстаўляць іх інтарэсы.

У адносінах астатніх 47 затрыманых вядома, што іх пакараюць 5-гадовай забаронай на наведванне матчаў у Італіі. Эксперты мяркуюць, што фактычна гэта азначае таксама забарону на ўезд у краіны Шэнгенскага пагаднення ў бліжэйшыя некалькі гадоў.

Фота — Fotolia, belultras.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі