У ГУР Украіны ацанілі колькасць вагнераўцаў у Беларусі

У Беларусі найміты з ПВК "Вагнер" інструктуюць беларускіх вайскоўцаў  / @modmilby

У Беларусі найміты з ПВК "Вагнер" інструктуюць беларускіх вайскоўцаў  / @modmilby

Паводле ацэнкі ўкраінскіх спецслужбаў, на тэрыторыю Беларусі было перамешчана 6400 вагнераўцаў. "Яны займаюцца тым, што праводзяць вайсковыя вучэнні для беларусаў на мясцовых палігонах", — заявіў у інтэрв'ю РБК-Україна прадстаўнік ГУР Мінабароны Андрэй Чарняк. Паводле ацэнкі Чарняка, гэтая дзейнасць ПВК у Беларусі не сістэмная, таму, хутчэй за ўсё, не з'яўляецца асноўнай. Больш за тое, "частка наймітаў ужо збіраецца або нават вярнулася назад на тэрыторыю Расіі".

Фактар "Вагнера" цяпер спрабуюць выкарыстоўваць як элемент псіхалагічнага націску на суседнія з Беларуссю краіны, у прыватнасці на Польшчу. Але, на думку прадстаўніка ўкраінскіх спецслужбаў, "ніякай сур'ёзнай пагрозы для дзяржаў НАТА гэтыя тэрарысты не ўяўляюць". Яны могуць толькі спрабаваць справакаваць суседзяў Беларусі. У Кіеве таксама пакуль няма звестак пра тое, ці могуць вагнераўцы вярнуцца ваяваць ва Украіну — у тым ліку зайсці з тэрыторыі Беларусі. "Па стане на бліжэйшыя тыдні пагрозы ўварвання вагнераўцаў з тэрыторыі Беларусі няма", — сказаў Чарняк.

Нагадаем, прыватная вайсковая кампанія Яўгена Прыгожына "Вагнер" апынулася ў Беларусі пасля няўдалага паходу на Маскву. Аляксандр Лукашэнка сцвярджае, што кантралюе наймітаў, хоць яны яго "напружваюць" сваім жаданнем атакаваць Польшчу. Пазней ён сказаў, што наконт Польшчы ён пажартаваў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі