У Гомелі апазіцыянерам не дазволілі правесці некалькі пікетаў

У Гомелі апазіцыянерам не дазволілі правесці некалькі пікетаў

8-10 кастрычніка гомельскія актывісты планавалі зладзіць шэраг пікетаў, мэта якіх — агітацыя супраць абрання Аляксандра Лукашэнкі прэзідэнтам Беларусі. Аднак гарвыканкам не дазволіў іх правесці. Адзін з заяўнікоў, старшыня абласной арганізацыі Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Уладзімір Сякерка, звяртае ўвагу на "двайныя стандарты" Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Давераныя асобы і кандыдаты ў прэзідэнты могуць праводзіць пікеты і мітынгі, паставіўшы ў вядомасць тэрытарыяльную камісію, а звычайныя грамадзяне павінны дзейнічаць паводле закону “Аб масавых мерапрыемствах”, кажа ён.

Сякерка: “Нам адказалі, што мы не ўпісаліся ў закон аб правядзенні масавых мерапрыемстваў. Мы далі заяўку на правядзенне масавых мерапрыемстваў не ў тых месцах, якія вызначаны ў горадзе Гомелі. І мы павінны былі заключыць дамовы са станцыяй хуткай дапамогі на медыцынскае абслугоўванне нашых пікетаў і на прыборку тэрыторыі”.

Пры гэтым Уладзімір Сякерка адзначае, што ў Гомелі для пікетаў адведзена толькі два месцы, і гэта супярэчыць закону “Аб масавых мерапрыемствах”. Улады павінны вызначыць месцы, дзе не дазволена правядзенне масавых мерапрымстваў, а ўсе астатнія мусяць быць даступнымі.

Нягледзячы на забарону пікетаў, 7 кастрычніка актывісты зладзілі ў Гомелі два сходы ў памяшканнях, дзе праводзіць агітацыю дазволена не толькі кандыдатам у прэзідэнты і іх давераным асобам.

Фота: Fotolia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі