У Германіі прапануюць перагледзець Усходняе партнёрства

Новы каардынатар германа-расійскай міжграмадскай супрацы ў МЗС Германіі Гернат Эрлер прапануе перагледзець Усходняе партнёрства (УП).

“Я здзіўлены, што экспертаў запрасілі да гэтай дыскусіі толькі цяпер калі ёсць канфлікт паміж расійскім Мытным саюзам і Усходнім партнёрствам. Нам патрэбна рашэнне як можна хутчэй, бо гэта датычыцца не толькі Украіны. Малдова і Грузія скончылі перамовы і хочуць заключаць пагадненне ўлетку. А як будзе дзейнічаць Расія, калі гэта адбудзецца?”задаецца пытаннем палітык.

Гернат Эрлер з’яўляецца русафілам. Адказным за стасункі з Расіяй яго прызначылі сацыял-дэмакраты, якія нядаўна ўтварылі кааліцыю з партыяй Ангелы Меркель. Дык што можа азначаць заява аб пераглядзе Усходняга партнёрства? Беларускі палітолаг Дзяніс Мельянцоў кажа, што аб магчымых канфліктах з Крамлём ведалі, калі стваралі Усходняе партнёрства ў 2008-м. Тады ўсе былі крыху “накручаныя” вайной у Грузіі і агрэсіўнай палітыкай Расіі.

Дзяніс Мельянцоў: “Не толькі эксперты і палітыкі з краінаў Усходняга партнёрства кажуць, што праграма не дасягае сваёй мэты, але і палітыкі ўнутры ЕС. Многія кажуць, што гэта была занадта амбітная праграма. Зараз ёсць розныя катэгорыі краінаў. Ну, і незразумела, як працаваць тымі інструментамі, якія ёсць, з краінамі, якія не маюць мэты ўвайсці ў ЕС”.

Эксперт кажа, што лёс Усходняга партнёрства зараз вырашаецца ва Украіне. Тое, як развяжацца ўкраінскі палітычны крызіс, пакажа, ці можа гэтая праграма перацягваць на свой бок краіны-суседзі альбо не.

Тым часам былы грузінскі амбасадар у Бруселі Салом Самадашвілі ўказвае на яшчэ адзін правал Еўрасаюза на Усходзе: рэферэндум у малдоўскай Гагаўзіі, на якім людзі прагаласавалі за ўступленне ў Мытны саюз:

“Варта пачаць дыялог з Расіяй, каб прадухіліць такі ж крызіс, як ва Украіне. Расія, якая лепш ведае куткі сваёй былой імперыі, таксама ведае, як збіць праеўрапейскія рэформы. Было б добра, каб і Крэмль зразумеў, што распаўсюд стабільнасці, дэмакратыі і вяршэнства закона у інтарэсах Расіі”.

На фоне памылак і правалаў еўрапейскай палітыкі з Украінай ці Арменіяй ёсць і пазітыўныя зрухі ў адносінах з Беларуссю. Дзяніс Мельянцоў кажа пра сустрэчы, які праводзяць міністры і намеснікі міністраў з ЕС і Беларусі. І ўзгадвае тыя ж візы, атрыманне якіх хутка можа быць спрошчана.

Дзяніс Мельянцоў: “Гэта вялікі крок наперад, бо раней не было зразумела, пра што ўвогуле ў такой каляпалітычнай сферы размаўляць. Зараз, у прынцыпе, на бліжэйшы год ёсць парадак дня. Гэты год будзе заняты такімі перамовамі на ўзроўні дыпламатаў і экспертаў МЗС”.

Разам з тым, як адзначае аналітык, Беларусь з’яўляецца аўтсайдарам ва Усходнім партнёрстве. Таму гаварыць пра нейкія прарыўныя амбітныя рэчы не выпадае. Для параўнання: нават Азербайджан, які далёка не з’яўляецца лідарам еўрапейскай інтэграцыі, ужо падпісаў дамову аб фасілітацыі візавага рэжыму. Беларусь толькі пачынае.

Фота: socialistsanddemocrats.eu

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі