Вы тут

У Германіі прапануюць наймаць на працу айцішнікаў з Беларусі і Расіі

Будынак Бундэстага ў Берліне / Еўрарадыё

У Германіі прапануюць наймаць на працу айцішнікаў з Беларусі і Расіі, паколькі ў краіне не хапае больш за 100 тысяч работнікаў лічбавага сектара. Для гэтага, лічаць у нямецкай асацыяцыі лічбавай індустрыі Bitkom, урад ФРГ павінен знізіць патрабаванні да ведання мовы IT-спецыялістаў і паскорыць працэдуру выдачы віз. Пра гэта паведамляе нямецкае радыё, якое вяшчае на розных мовах.

“Мы прэзентавалі спецыяльную праграму пад назвай #greencard22, якая, у прыватнасці, прапануе цягам аднаго тыдня выдаваць пасведчанне на права жыхарства і дазвол на працу спецыялістам, якія ўжо маюць канкрэтную прапанову аб працы. Тым IT-спецыялістам, у каго яшчэ няма канкрэтнай прапановы, можна прадставіць паскораную працэдуру атрымання візы для пошуку занятасці.

Каб у іх была магчымасць на працягу паўгода знайсці тут працадаўцу і падаць заяву на атрыманне звычайнага дазволу на працу. Мы таксама выступаем за паскарэнне пэўных працэдур, якія тычацца прызнання адукацыі або досведу працы па прафесіі. Акрамя таго, мы лічым, што неабходна знізіць патрабаванні да ведання нямецкай мовы, прынамсі да ўезду ў краіну. Вучыць мову можна і пасля пераезду ў Германію”, — расказвае кіраўніца аддзела працоўнага права Bitkom Адэль Холдампф-Вендэль.

На дадзены момант ідэя найму айцішнікаў з Беларусі і Расіі абмяркоўваецца з нямецкімі палітыкамі. Кіраўніцтва Bitkom спадзяецца, што сярод 170 тысяч IT-спецыялістаў, якія пакінулі Расію, знойдуцца тыя, хто зацікавіцца перспектывамі працы і жыцця ў Германіі, якая можа скласці канкурэнцыю за супрацоўнікаў ЗША. Суіскальнікі на працу, якія прыехалі ў Германію, павінны будуць пацвердзіць, што не падтрымліваюць вайну ва Украіне і прытрымліваюцца каштоўнасцяў нямецкай дэмакратыі. Для гэтага ў Германіі ёсць афіцыйныя стандартызаваныя працэдуры.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.