У Генадзя Фядыніча следчыя не ўзялі нават падпіску аб нявыездзе

У Генадзя Фядыніча следчыя не ўзялі нават падпіску аб нявыездзе

2 жніўня супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў правялі вобшук у мінскім офісе прафсаюза РЭП. Старшыню прафсаюза Генадзя Фядыніча і яго намесніка Ігара Комліка затрымалі, супраць іх распачатая крымінальная справа па нявыплаце падаткаў у буйным памеры. У гэты ж дзень прайшоў вобшук і ў офісе Беларускага незалежнага прафсаюза ў Салігорску. Позна вечарам 2 жніўня Фядыніч выйшаў на волю, Комлік застаецца пад вартай у СІЗА на Акрэсціна.

Еўрарадыё: Наколькі нечаканым стала для вас затрыманне?

Генадзь Фядыніч: Не ведаю выпадкаў, каб людзі казалі, што гэта для іх было чаканым. Гэта заўсёды непрыемна і заўсёды нечакана. Гэта было зроблена ў той час, калі прафсаюзны рух і наш прафсаюз на ўздыме, шмат за апошні час зрабіў па абароне як людзей працы, так і беспрацоўных. На мой погляд, гэта найперш палітычная акцыя ― каб прыструніць незалежныя прафсаюзы, паказаць, што высоўвацца не варта, а рабіць толькі тое, што дазволяць.

Еўрарадыё: Як праходзіла затрыманне?

Генадзь Фядыніч: У ліфце, падышлі мужчыны ў камбінезонах сантэхнікаў і павялі на вобшук. Пасля завезлі ў ДФР (Дэпартамент фінансавай міліцыі Камітэта дзяржкантролю, ― Еўрарадыё), там ― пратаколы. Што азнаёміўся, мае правы і мае абавязкі. Даў падпіску, што не буду распаўсюджваць інфармацыю пра змест допыту. Амаль адразу далі мне дзяжурнага адваката. Калі казаць пра сам допыт, то ён цягнуўся нядоўга ― доўга хадзілі яны па розных кабінетах, раздрукоўвалі розныя паперы. Сам допыт добра калі гадзіну працягваўся. Там у іх у гэты дзень шмат допытаў розных было і даводзілася чакаць, каб не перасекчыся.

Еўрарадыё: Думалі, што ўвечары зноў будзеце на волі?

Генадзь Фядыніч: Я быў гатовы да горшага варыянту, пераапрануўся адпаведна, вады з дому захапіў. У нашай краіне калі ты працуеш, а тым больш калі працуеш у незалежным прафсаюзе, трэба быць гатовым да ўсяго. Бо праца ў нашай сістэме па абароне людзей вымушае быць гатовым да ахвяраванняў. Зразумела, што гэта цяжка, але духоўна ты мусіш быць гатовы да ўсяго. Нават да таго, да чаго ты не гатовы!

Еўрарадыё: Абмежаванні апроч нераспаўсюджвання інфармацыі нейкія маеце?

Генадзь Фядыніч: Падпіску аб нявыездзе не даваў. Але ж яны могуць у любы момант прыйсці і ўзяць тую падпіску. Таму, калі б захацеў, сёння б яшчэ, можа, і выехаў бы за мяжу, а заўтра ― ужо і не. Але я нікуды ўцякаць не збіраюся. Мы пойдзем да канца, бо наша сумленне чыстае і перад богам, і перад людзьмі. Мы тут асабліва не замарочваемся. Людзей шкада: вобшукі, допыт… Людзям, якія з гэтым не сутыкаліся, колькі нерваў сапсавалі, гады жыцця ім скарацілі.

Еўрарадыё: Наступны допыт вам яшчэ не прызначылі?

Генадзь Фядыніч: Не. Дарэчы, я не ведаю, як яны гэта будуць рабіць ― тэлефон мне так і не аддалі. Што яны ў тым тэлефоне спадзяюцца знайсці? Звычайны тэлефон, нават не смартфон!

Еўрарадыё: Які ваш статус на дадзены момант?

Генадзь Фядыніч: Падазроны па справе. І статус будзе нязменным, пакуль Следчы камітэт не зробіць свае высновы.

Еўрарадыё: Гатовыя адседзець тэрмін за кратамі?

Генадзь Фядыніч: Я гатовы адсядзець за праўду, але не гатовы да гвалтоўнага прысуду.

Еўрарадыё: Вы сказалі, што крымінальная справа супраць вас ― палітычны ўціск. Але за што на вас цісне ўлада?

Генадзь Фядыніч: А хто больш удала адпрацаваў зіму і вясну гэтага года? Адных нашых прафсаюзнікаў было затрымана падчас акцый пратэсту 39 чалавек, агулам яны адседзелі 170 сутак, заплацілі 4200 еўра ― дзякуй богу, людзі дапамаглі. У якой партыі ці руху было пакарана столькі людзей за удзел у мірных акцыях? Адпаведна, аўтарытэт нашых рэгіянальных лідараў вырас, людзі пайшлі ў прафсаюз. Усё ж гэта адсочваецца: што робіцца ў рэгіёнах, што робіцца ў нашым офісе. Не, хаваць нам тут няма чаго ― хай сочаць. Я лічу, што гэта пераслед на нашу дзейнасць па абароне людзей працы. Але ж наша праца ўдзелам у веснавых акцыях не абмяжоўваецца: толькі летась мы дапамаглі людзям вярнуць 1,5 мільярда недамініраваных рублёў. Гэта тыя грошы, якія людзям не дадалі ў заробак, ці за адпачынак, ці яшчэ за што ― мы гэтыя грошы адсудзілі. І гэта не застаецца незаўважаным. А колькім людзям мы дапамаглі аднавіцца на працы, колькім інвалідам, якія здароўе на працы згубілі, дапамаглі дабіцца выплат. Гэта ўсё РЭП рабіў і далей будзе рабіць. Ці выпадак, калі пад Зэльвай забіралі дзяцей у маці. Як і чаму яна выйшла на нас, але мы ўзяліся дапамагчы і адваявалі дзяцей. Можа, гэта і не прафсаюзная справа была, але калі чалавек прыходзіць, распавядае пра сваю бяду і просіць дапамагчы, мы не можам не дапамагчы. І так у нас штодня! Вось, сёння быў вобшук, а сёння людзі прыходзяць на кансультацыю. І мы не можам адмовіць. Быў вобшук, а сёння наш юрыст зноў бярэ ўдзел у справе судовай. Гэта жыццё.

Еўрарадыё: А замежныя рахункі і сотні тысяч долараў, з якіх не сплачваліся падаткі, пра якія кажа Камітэт дзяржкантролю, былі?

Генадзь Фядыніч: Не хачу гэта пакуль каментаваць ― хачу ўбачыць дакументы, якія яны нам дадуць. Можна і пра сотні тысяч долараў казаць, і пра мільёны ― паперы пакажыце, і тады будзем размаўляць.

Еўрарадыё: На допыце вам нічога не паказалі? А пра што тады дапытвалі?

Генадзь Фядыніч: Пра што дапытвалі, я пераказваць не магу ― падпіску даў. Але тое, што ніякіх дакументаў, ніякіх канкрэтных фактаў прад’яўлена не было. Відаць, зробяць гэта пазней.

Еўрарадыё: Вы б самі параўналі сваю справу са справай Алеся Бяляцкага?

Генадзь Фядыніч: Артыкул у нас адзін і той жа. Адзінае, яму выставілі прэтэнзію, што не плаціў падаткі як фізічная асоба, а нам ― што не плацілі як юрыдычная асоба. Але семінары і навучанні, якімі нас папракаюць, мы праводзілі і будзем праводзіць. Мы ўваходзім у Міжнародны прафсаюзны рух, і без гэтага нельга. У Мінску будзем гэта рабіць ці ў Вільні, але будзем людзей навучаць. Падабаецца гэта каму ці не, але з гэтым трэба пагадзіцца: калі мы хочам быць роўнымі з іншымі ў Еўропе, то трэба пагаджацца з тымі Канвенцыямі, якія ёсць у Еўропе, і таксама іх выконваць.

Еўрарадыё: На допыт выклікалі лідара Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука, і пасля ён заявіў, што лідары РЭП самі добра падставіліся

Генадзь Фядыніч: Не хачу каментаваць яго выказванні, я бачыў іх. Адно скажу, калегі так не кажуць.

Еўрарадыё: Але словы прагучалі, і як яны могуць адбіцца на ўсім прафсаюзным руху, так можна да развалу яго давесці?

Генадзь Фядыніч: Усё можа быць. Але хай гэта застанецца на яго сумленні.

Цалкам размову з Генадзем Фядынічам можна паслухаць тут:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі