У гандляроў "бубкамі" плануюць канфіскоўваць машыны і кватэры

На прэс-канферэнцыі, прысвечанай Сусветнаму дню барацьбы з наркотыкамі, начальнік Упраўлення па барацьбе з наркотыкамі і супрацьдзеянню гандлю людзьмі МУС Мікалай Карпянкоў назваў дзве найвайстрэшыя праблемы. Гэта распаўсюджванне опійнага насення маку (у народзе наркотык называецца “бубкі”. ― Еўрарадыё). І гандаль “дызайнерскімі наркотыкамі”.





Што тычыцца “бубак”, то, па словах Карпянкова, падрыхтаваны адпаведны дэкрэт прэзідэнта. Згодна з ім, гандляры будуць атрымліваць штрафы ад 1000 да 8000 еўра.





“Таксама будуць канфіскоўвацца месцы захоўвання насення маку ― кватэры, гаражы і гэтак далей”, ― тлумачыць Карпянкоў.





“Бубкі” з’явіліся на беларускім наркарынку ў 2004 годзе. Пры гэтым прапітанае опіем насенне не маглі прызнаць наркотыкам. Толькі калі спажыўцы “варылі” насенне і гатавалі з яго так званую "шырку", гэта прызнавалася супрацьзаконным. На думку многіх экспертаў, рэальная колькасць спажыўцоў пераваліла за 100 тысяч чалавек і дасягнула 150 тысяч. Цяпер ёсць шанцы, што праблема будзе вырашана.