У Ерэване паліцыя затрымала дзясяткі ўдзельнікаў акцыі пратэсту
![У Ерэване паліцыя затрымала дзясяткі ўдзельнікаў акцыі пратэсту](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/2018-04-16t141451z_390580724_rc19547bdac0_rtrmadp_3_armenia-opposition.jpg.webp?itok=g6zXkxbE)
У Ерэване паліцыя затрымала дзясяткі ўдзельнікаў акцыі пратэсту супраць вылучэння на пасаду прэм’ера Арменіі Сержа Саргсяна, былога прэзідэнта краіны. Спачатку паведамлялася пра 30 чалавек, пазней — пра 80. Усіх іх завезлі ў паліцыю і абвінавачваюць у здзяйсненні адміністрацыйных правапарушэнняў. Двое апазіцыянераў уварваліся ў будынак Грамадскага радыё і патрабавалі жывога эфіру, але іх там затрымалі. Аднак арганізатары акцыі збіраюцца працягваць “вулічнае супраціўленне” — пратэстоўцы ходзяць па вуліцах і перакрываюць на іх рух транспарту, інфармуе “Новая газета”. Лідар апазіцыі Нікол Пашынян аб’явіў пра пачатак “аксамітнай рэвалюцыі”. Пратэстоўцы блакуюць будынкі дзяржаўных устаноў.
У аўторак удзельнікі акцыі пратэсту збіраліся блакіраваць усе падыходы да парламента, дзе 17 красавіка могуць правесці галасаванне па кандыдатуры Саргсяна. Яго кандыдатуру ў панядзелак вылучылі кааліцыйныя сілы — Рэспубліканская партыя Арменіі і Дашнакцуцюн. 16 красавіка ў Ерэване адбыліся сутыкненні пратэстоўцаў (іх было некалькі тысяч чалавек) і паліцыі, якая здолела адцясніць людзей ад парламента. Пацярпелі дзясяткі чалавек.
З 2 сакавіка новым прэзідэнтам Арменіі з’яўляецца Армен Саркісян, які быў абраны Нацыянальным сходам. Аднак у краіне пачала дзейнічаць абноўленая Канстытуцыя, паводле якой рэальная ўлада будзе не ў прэзідэнта, а ў парламента і ўраду.
![У Ерэване паліцыя затрымала дзясяткі ўдзельнікаў акцыі пратэсту](/sites/default/files/paragraphs/image/2018-04-16t152410z1671197647rc1f805703d0rtrmadp3armenia-politics-protests.jpg)