У Эквадоры Канстытуцыйны суд дазволіў ажаніцца дзвюм гомасексуальным парам

У Эквадоры Канстытуцыйны суд дазволіў ажаніцца дзвюм гомасексуальным парам

Канстытуцыйны суд Эквадора дазволіў ажаніцца дзвюм гомасексуальным парам, піша Еlpais. Увечары 12 чэрвеня пяцёра з дзевяці суддзяў прагаласавалі за тое, каб мужчыны змаглі пабрацца афіцыйным шлюбам. Сотні людзей выйшлі на вуліцы Кіта і Гуаякіле, вітаючы рашэнне суддзяў.

Летась эквадорскі ЗАГС адмовіў гомасексуалам у працэдуры рэгістрацыі шлюбу. Мужчыны звярнуліся ў Міжамерыканскі суд па правах челавека (IACHR), які прызнаў правы ЛГБТ-насельніцтва на роўнасць і сям’ю. Пасля гэтага Канстытуцыйны Суд Эквадора быў вымушаны растлумачыць актуальнасць меркавання Міжамерыканскага суда для ўсёй краіны.

Reuters

Цікава, што закон, які абараняе гомасексуалаў ад дыскрымінацыі, з’явіўся ў Эквадоры яшчэ ў 1998-м годзе. Дагэтуль Канстытуцыя гэтай кансерватыўнай краіны прызнавала розныя тыпы сям’і, але афіцыйны шлюб мог заключацца толькі паміж мужчынай і жанчынай.

"Дэмакратычная пастанова Канстытуцыйнага суда не азначае рэформу закона, які рэгулюе права на ўступленне ў шлюб аднаполых пар. Але Канстытуцыйны суд паказаў спосаб, як могуць быць прачытаныя законы, — тлумачыць Фарыт Сімон, дэкан Калегіі  юрыспрудэнцыі Універсітэта Сан-Францыска ў Кіта. — А гэта значыць, што гомасексуалы могуць браць шлюб, нават калі прававая рэформа не адбудзецца".

Цяпер Эквадор становіцца шостай краінай у Лацінскай Амерыцы (пасля Аргентыны, Уругвая, Бразіліі, Коста-Рыкі і Калумбіі), дзе дазволены аднаполыя шлюбы.

У Эквадоры вялікую ролю адыгрывае каталіцкая царква. Прадстаўнікі кансерватыўных сіл ужо выказалі свае прэтэнзіі да суда — маўляў, такія рашэнні мусяць прымацца на рэферэндумах. Але былы прэзідэнт Вярхоўнага суда Густава Медына заявіў:

"Рашэнні Канстытуцыйнага суда абавязковыя і мусяць выконвацца мясцовымі ўладамі".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі