Вы тут

У дзіцячы садок прыйшоў міліцыянт. Загадчыца: А што, нельга ніякіх забаў?

Добры аніматар, і конкурсы цікавыя / Еўрарадыё

Чалавек у міліцэйскай форме ў прысутнасці дзвюх жанчын нешта распавядае групе дзяцей, якія сядзяць на лаўках. Гэтая фатаграфія бурна абмяркоўваецца ў телеграм-чатах, удзельнікі іранізуюць: "Міліцыя дабралася і да дзіцячых садкоў".

Фота зроблена ў яслях-садзе № 344 Мінска. Еўрарадыё патэлефанавала ў навучальную ўстанову. 

— Што за фатаграфія? — удакладняе ў нас загадчыца Іна Радзюк.

— У інтэрнэце можна знайсці. Там дзеці сядзяць на лаўках, а перад імі стаіць міліцыянт.

— Дзе такое фота з'явілася?

У чатах.

— Слухайце, гэтыя чаты бацькоўскія ўжо надакучылі! Хай бы прыйшлі да мяне і спыталі, дзе якія мерапрыемствы і што адбываецца. Выбачайце, я ніякую інфармацыю даваць не буду! Рэальна, ужо ўсякую лухту перасылаюць адно аднаму.

— То-бок гэта няпраўда? Нічога такога ў вашым садку не праходзіла?

А што тут такога? Гэта што — злачынства?

— Я не кажу, што гэта злачынства. Супрацоўнік міліцыі стаіць перад дзецьмі…

І што?

Гэта было ці не?

— І што, нельга ніякіх забаў?

— Дык гэта забава такая?

Усё! Да пабачэння!

На гэтым наша размова скончылася: Іна Радзюк кінула трубку.

Як распавёў Еўрарадыё бацька аднаго з дзяцей на дадзеным здымку, гэта быў супрацоўнік інспекцыі па справах непаўналетніх, які гутарыў з дашкольнікамі на тэму правілаў дарожнага руху і асноў бяспекі жыццядзейнасці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.