У дзень нараджэння жонкі 33-гадовы вясковец загінуў у міліцэйскай машыне

У дзень нараджэння жонкі 33-гадовы вясковец загінуў у міліцэйскай машыне

“Не скажу, што зусім дрэнная сям’я. Рознае бывала, але не пілі, каб ляжаць. А Дзмітрый добры работнік: і плітку клаў у царкве, і па людзях. Прадукты заўсёды дзецям купляў, — кажа суседка загінулага Дзмітрыя Захарчэні. — А што там на самай справе адбылося… У вёсцы лічаць, што не сам ён. Гэта ж вёска… Тут розныя версіі ўжо. Але не вераць, што сам”.

33-гадовы будаўнік Дзмітрый Захарчэня памёр у міліцэйскай машыне ўночы на 6 ліпеня. У вёску Стрыгава Кобрынскага раёна міліцыянеры прыехалі па выкліку на сямейны скандал. Па версіі МУС, на нейкі час Дзмітрыя пакінулі аднога ў аддзяленні для затрыманых службовай “Газелі”, дзе ён і ўчыніў самагубства.

У той вечар у сям’і Захарчэняў адзначалі дзень нараджэння жонкі Вольгі. Цяпер яна засталася адна з двума сынамі: аднаму пяць, другому сем гадоў.

 

“Калі па святах выпіваюць, тады ва ўсіх праблемы з алкаголем ёсць”

У Стрыгаве жыве каля 500 чалавек. У вёсцы свая школа і дзіцячы садок, дзве крамы, пошта, ферма. Суседзі Захарчэняў распавядаюць, што ў сям’і маглі выпіць і пасварыцца, але не больш за тое. Дзмітрый ужываў спіртнога не больш за іншых.

У Стрыгаўскім дзіцячым садку — сярэдняй школе Еўрарадыё кажуць, што дзеці Захарчэняў былі дагледжаныя. У самагубства Дзмітрыя там таксама не вераць.

“Калі па святах выпіваюць, тады ва ўсіх праблемы з алкаголем ёсць, — кажуць у школе. — Дзень нараджэння жонкі святкавалі, таму, як кажуць, былі нападпітку. Выпівалі, але ў вёсцы ніхто іх у ляжачым стане не бычыў.

Не скажу, што быў агрэсіўным. Ён нармальны чалавек, і каб сам…Нават не ведаю. Усе ў шоку. Малады хлопец! Тут усе, каго не запытаецеся, не вераць, што сам мог [учыніць самагубства. — Еўрарадыё]”.

У дзень нараджэння жонкі 33-гадовы вясковец загінуў у міліцэйскай машыне
Дзмітрый Захарчэня

У дзіцячым садку кажуць, што пяцігадовага сына прыводзілі рэгулярна, а сямігадовы скончыў першы клас. Дадаюць, што праблем з бацькамі ў настаўнікаў не было.

“Дзеці заўсёды памытыя, і грошы на рамонт здавалі, — распавядаюць пра сям’ю Захарчэняў. — Старэйшы ў першы клас пайшоў. Заўсёды чысценькі, урокі зробленыя. І самі бацькі не хадзілі абарваныя. Вольга некаторы час і ў нас працавала пасудамыйкай, а потым даяркай уладкавалася”.

 

“Неаднаразова выклікалі міліцыю да іх, але заявы ніхто не пісаў”

Іншае распавядаюць пра Дзмітрыя Захарчэню ў Тэвельскім сельсавеце, у які ўваходзіць Стрыгава. Мясцовая чыноўніца называе сям’ю праблемнай.

“Пастаянныя сямейныя скандалы і распіццё спіртных напояў па месцы жыхарства, — распавядае чыноўніца Тэвельскага сельсавета, якая адмовілася назвацца. — У той жа час па дзецях прэтэнзій са школы не было. На ўліку яны не былі. У вёсцы шмат сем’яў з залежнасцю ад алкаголю. Неаднаразова выклікалі міліцыю да іх, але заявы ніхто не пісаў. Мы прыязджалі, размаўлялі, але ў вёсцы ніхто не хоча ніякіх разборак.

І тое, што цяпер пішуць у каментарыях…Міліцыя цяпер з імі [жыхарамі, якія злоўжываюць спіртным. — Еўрарадыё] як са шклянымі вазамі носіцца”. 

Чыноўніца дадае, што Андрэй мог падняць руку на жонку, якую чыноўніца асабіста бачыла з сінякамі.

Штогод у МУС паступаюць звесткі пра больш як 120 тысяч сямейна-бытавых канфліктаў. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягваюцца каля 50 тысяч чалавек, да крымінальнай — 2,5 тысячы. Праз страх помсты, а таксама праз неабходнасць сплачваць штрафы ахвяры хатняга гвалту часта адмаўляюцца пісаць заявы на гвалтаўнікоў.    

Ужо больш за тры гады вядзецца грамадская дыскусія пра тое, што Беларусі патрэбны закон “Аб хатнім гвалце”. Апошні раз ён згадваўся ў навінах у канцы 2018 года. Тады дакумент быў раскрытыкаваны Аляксандрам Лукашэнкам — і ў выніку так і не быў прыняты.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі