У чым вінаваты “народзец”?

28 верасня, адказваючы на пытанні журналістаў падчас фестывалю "Дажынкі" ў Жлобіне, Аляксандр Лукашэнка назваў беларусаў "народцам", фактычна пераклаўшы на іх адказнасць за магчымае аслабленне рубля:

"Пытанне з дэвальвацыяй нацыянальнай валюты наогул сёння не стаіць. Навошта ставіць задачу абясцэніць, дэвальваваць нацыянальную валюту?! Напэўна, ніводзін кіраўнік такой задачы перад сабой не ставіць. Наадварот, нам трэба адысці ад гэтай дэвальвацыі. Але, ізноў-такі, як бы я гэтага ні хацеў, інструменты для гэтага сыходу ў вашых руках. Калі вы будзеце бегаць з раніцы да вечара па абменных пунктах і скупляць валюту, калі суб'екты гаспадарання і банкі будуць спаць і бачыць, што вось дэвальвацыя пройдзе, хтосьці на гэтым выйграе і гэтак далей, чаканні будуць параджацца, а нашы нягоднікі "свядомыя", якія плявузгаюць языкамі ва ўсіх сродках масавай інфармацыі, народ будуць падаграваць, а вы будзеце іх слухаць і зноў бегчы ў пункты абмену… Ну, гасподзь вам у дарогу. Значыць, вы самі прыведзяце да таго, што паслабіце сваю нацыянальную валюту".

Нас цікавяць хвіліны 13 — 16.

Віна за валютны крызіс ускладаецца на людзей не ў першы раз. Еўрарадыё сабрала цытаты і відэа, у якіх Аляксандр Лукашэнка вінаваціць "народзец" у нахабнасці, панікёрстве, крадзяжах, папракае дарагімі машынамі і імкненнем нажыцца за кошт дзяржавы.

2010, лістапад: "Іншага ў нас няма народа!"

"Мы не можам сказаць, што людзі — дрэнныя. Мабыць, яны і дрэнныя! Але іншага ў нас народа няма. Гэта яны нас пасадзілі ў гэтыя крэслы і сказалі: вядзіце краіну і вырашайце мае пытанні, народа пытанні. Іншага ў нас няма народа!"

2011, красавік, пра прычыны валютнага крызісу: "Няхай людзі купяць сабе машыну, якую хочуць".

"Зразумела, нас вельмі моцна падкасіў ажыятаж ў аўтамабілямі. Мы паглядзелі, там больш за мільярд. Былі нават прапановы ўвесці цяпер гэтую пошліну. Але гэта ўдар па людзях, навошта ж сваіх людзей прыціскаць. Вытрываем мы гэта, няхай людзі купяць сабе машыну, якую хочуць, заменяць, калі трэба <…> Ну хочуць людзі купіць, што ж зробіш. Таму я і Нацбанку сказаў, і ўраду, што ні ў якім разе наступаць на людзей нельга. Няхай людзі рэалізуюць сваё жаданне".

2011 год, травень, пасля дэвальвацыі рубля на 56%: "Што вы з імі цацкаецеся?"

"Учора размаўляю з адным бізнесменам. Кажа: "Аляксандр Рыгоравіч, ды што вы цацкаецеся? Што вы з імі цацкаецеся?". Я, кажа, два месяцы назад за дзве тысячы долараў аб'явіў паўсюль: "Хачу наняць галоўнага інжынера ў будаўнічую арганізацыю. Дзве тысячы плачу, як толькі прыходзіць. Два месяцы мінулі — ніхто не адгукнуўся!" Ладуцьку тэлефаную — 120 тысяч вакансій ці то ў краіне, ці то ў Мінску. Людзей знайсці не можам! За хвіліну да перасячэння перакрыжавання картэжам прэзідэнта спыняюць рух. На якім бы скрыжаванні ні паварочваў — пяць кіламетраў чарга з аўтамабіляў, і не прабіцца. Усё дорага, бензін дорага, і ўсе крычаць, што жабракі. А машыны якія!"

2011 год, травень: "Навошта вам валюта? У Егіпет у адпачынак захацелася?"

"Плакаць хочацца. Апераджальнымі тэмпамі па-ранейшаму расце імпарт тавараў. Інфляцыя б'е рэкорды мінулых гадоў. Няма валюты. У абменных пунктах, прынамсі. Але гэта не самае галоўнае, што ў абменных пунктах няма валюты. Я, праўда, не чуў, але мне паведамілі, цытуючы Надзею Ермакову, якая з сарказмам запытала: "Людзі добрыя, а вам навошта валюта? У нас за беларускія рублі купляюць у краме, апранаюцца ў краме і гэтак далей, і да таго падобнае". Гавораць: "На час адпачынкаў". У Егіпет захацелася? Ну вось, пайдзіце і пазычце. Або купіце, па колькі ў вас там прадаюць сёння на чорным рынку валюту. Ідзіце, купіце і едзьце ў Егіпет. Чаго вы да мяне звяртаецеся па валюту, каб паехаць у Егіпет? Гэта ўжо занадта, верх нахабнасці".

2011, кастрычнік: "Хто вінаваты ў гэтай паніцы? Вы!"

"Ну людзі ж — яны разумныя, разбяруцца, хто вінаваты. Бо самі ж вінаватыя! У нас што толькі ні адбывалася! У Маскве тупнулі нагой, што ў нас заўтра цукар увесь вывезуць у Расію. Пабеглі людзі цукар скупляць. Мне дакладаюць: ажыятажны попыт на цукар. Задаю пытанне: "Колькі ў нас цукру на складзе?" Трыста тысяч тон. "Карміце!" Бегалі-бегалі два тыдні — цукар не знікае. Дайшлі да таго, што воцат пачалі скупляць. Пытаюся: "Воцату хапае?". Хапае. Пабольш вязіце, няхай бяруць. Пераўтварылі кватэры ў склады, гаражы ў склады. Ну, вам гэта вядома, мы ж людзі аднолькавыя. Нахапалі? Цяпер піце воцат, закусвайце цукрам. Я казаў гэта сваім людзям, я ім шчыра і адкрыта казаў: "Хто вінаваты ў гэтай паніцы? Вы!"

2012, верасень: "Крадуць або не плацяць падаткі".

"У Амерыцы надзвычай лютыя законы, самыя жорсткія па падатках. Крый божа там штосьці схаваў — там наперад больш заплацяць, бо пажыццёвае зняволенне атрымаеш. Пажыццёва сядзіш! А ў нас нічога, крадуць напрапалую. Аўтамабіляў куча, не прапхнуцца. У асноўным новыя. Пры бедным народзе. Адкуль? Крадуць ці не плацяць падаткі".

2013, верасень, пра прадукцыю беларускай вытворчасці: "Барахло, якое мы таксама выпускаем":

Нас цікавяць хвіліны  9 — 10.

"Вы робіце трактары, аўтамабілі, БелАЗы, МАЗы і іншае — вязіце, прадавайце і жывіце на сваю валюту. Ніякай штучнай дэвальвацыі, каб вам жыццё аблегчыць і экспарт палепшыць, не будзе. Будзе попыт, будзе падзенне. Не будзе попыту — рубель будзе моцны. Так ва ўсім свеце".

І там жа:

"Нашы людзі сёння — нас усе крытыкуюць, бедная жабрацкая краіна — да 3 мільярдаў у год вывозяць за мяжу ў Еўрасаюз і прывозяць барахло, якое мы таксама выпускаем. Дык вось я ім даўно даручыў, ажно да таго, што выязджаеш за межы па гэтае барахло — не барахло, не важна, заплаці выязную пошліну. Заплаці грошы за выезд. Гэта будзе так: мы цябе на мяжы абслугоўваем — 100 долараў з носа плаці і едзь за мяжу. Тады ён прыйдзе ў нашу краму і набудзе наш халадзільнік, не будзе цягнуць з Еўрасаюза гэта барахло сюды. Невядома, якой вытворчасці. Яны будуць сядзець, паціраць рукі — 3 мільярды вывезлі ім грошай туды, у іх развіваецца гандаль, у іх развіваецца вытворчасць, а мы боўтаемся тут, як дурні".

Відэа: Першы нацыянальны канал, АНТ, СТВ, ria.ru.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі