У Брытаніі праходзяць самыя непрадказальныя выбары ў парламент

7 траўня ў Вялікабрытаніі праходзяць парламенцкія выбары, якія ўжо назвалі самымі непрадказальнымі ў гісторыі каралеўства. За кансерватараў і лейбарыстаў гатовая прагаласаваць аднолькавая колькасць выбаршчыкаў. Адно з апытанняў, што праводзілася 3-5 траўня агенцтвам New Statesman паказвае, што за кансерватыўную і лейбарысцкую партыі аддадуць свае галасы па 34% апытаных. За Партыю незалежнасці Злучанага Каралеўства — 12%, за ліберал-дэмакратаў — 10%, за зялёных — 4%.

У такой сітуацыі вырашальную ролю адыграюць палітычныя сілы, якія не маюць вялікай палітычнай вагі, бо менавіта ад іх будзе залежаць утварэнне кааліцыі.

Нік Клег

Адпаведна, на палітычнай арэне расце роля ліберальных дэмакратаў. Іх лідар Нік Клег падчас апошніх дэбатаў заявіў, што гатовы працаваць і з кансерватарамі, і з лейбарыстамі. Апошнія пяць гадоў Клег быў намеснікам прэм’ера Брытаніі, лідара кансерватараў Дэвіда Кэмерана. Часта іх пазіцыі разыходзіліся. На адной з апошніх перадвыбарчых сустрэч Кэмеран моцна раскрытыкаваў сваіх дзеючых партнёраў па кааліцыі:

“Калі вы прагаласуеце за Ліберальна-дэмакратычную партыю, то не вядома, што атрымаеце. Нік Клег ясна даў зразумець у гэтыя выходныя, што можа падтрымаць як кансерватараў, так і кааліцыю Эда Мілібэнда і шатландскіх нацыяналістаў. Таму, калі вы жадаеце, каб прэм’ер-міністрам быў я, не спадзявайцеся на волю выпадку. Галасуйце за кансерватараў, дзе б вы ні былі”.

Дэвід Кэмеран

Лідар Шатландскай нацыянальнай партыі Нікола Стэрджэн, якая актыўна падтрымлівае ідэю незалежнасці Шатландыі, ужо прапанавала лейбарыстам стварыць альянс:

“Калі пасля выбараў складзецца большасць супраць кансерватараў у Палаце абшчын, то нават, калі яны будуць найбуйнейшай партыяй, мы будзем супрацоўнічаць з лейбарыстамі, каб не пусціць Дэвіда Кэмерана на Даўнінг-стрыт,” —заявіла яна.

Такім чынам, Вялікабрытанія стаіць на парозе таго, што найважнейшыя законапраекты будуць прымацца палітычнымі сіламі, якія нават не зацікаўленыя ў яе існаванні, адзначае ВВС.

Нікола Стэрджэн

У большасці еўрапейскіх краін кааліцыйны парламент — справа звычайная. Але ў Вялікабрытаніі такі варыянт урада лічаць неэфектыўным і называюць “падвешаным парламентам”. Калі ні адна з партый не зможа стварыць кабінет большасці, цалкам магчымае правядзенне новых выбараў.

Фота: trend.az, tvc.ru, independent.co.uk, jaspergerard.co.uk

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі