У Брэсце пенсіянерку выпусцілі з ізалятара, судзілі і зноў затрымалі

Алена Гнаук гуляе з кветкамі па Брэсце / TUT.by
Алена Гнаук гуляе з кветкамі па Брэсце / TUT.by

19 кастрычніка ў судзе Ленінскага раёна Брэста разглядалася адміністрацыйная справа 63-гадовай пенсіянеркі Алены Гнаук. Алену прывезлі ў будынак суда проста з ізалятара часовага ўтрымання Ленінскага РАУС, дзе яна правяла 15 дзён за ўдзел у нядзельным маршы 4 кастрычніка.

У панядзелак яе судзілі за ўдзел у іншай акцыі пратэсту — 30 жніўня. Сілавікі палічылі, што яна "публічна выказвала асабістыя і грамадска-палітычныя інтарэсы, пратэставала супраць дзейнай улады, ажыццяўляла пікетаванне", піша TUT.by. Родныя і сябры спадзяваліся, што пасля суда пенсіянерка паедзе дадому — толькі што скончыўся час адбыцця ёю 15 сутак. Падтрымаць Алену Пятроўну да будынка суда прыйшлі ўдзельнікі маршу пенсіянераў.

У судзе жанчына не прызнала сябе вінаватай. Яна расказала, што ў той дзень гуляла па горадзе і затым пайшла на электрычку. Праходзячы плошчу Леніна, убачыла сілавікоў і насупраць іх — мірных дэманстрантаў. Пенсіянерка стала паміж імі на калені і памалілася.

"Я як стары дысідэнт, як неабыякавы чалавек, як хрысціянка не магла сабе дазволіць у гэты цяжкі для народа час быць у сябе ў агародзе, а не разам з народам. Я зрабіла ўсё магчымае, каб не было кровапраліцця, якое адбылося раней. Таму мая пазіцыя адназначная: я з народам, я за народ. Я падтрымліваю народ у яго мірных акцыях. Калі вы лічыце, што я вінаватая — што ж, судзіце", — сказала яна ў судзе.

Суд адправіў справу Алены Гнаук на дапрацоўку. Але дадому жанчына так і не трапіла: калі яна выйшла з будынка суда, каб ехаць з дзецьмі дадому, міліцыянты прапанавалі ёй паехаць з імі ў ІЧУ за рэчамі. А на паркоўцы праваахоўнікі зноў затрымалі Алену "па падазрэнні ў здзяйсненні правапарушэння".

Дарэчы, падчас знаходжання на сутках Алене Гнаук удалося перадаць на волю ліст пра ўмовы ўтрымання ў ІЧУ. Яна апісала, як выглядае "найлепшая камера" ў ізалятары: закратаванае акно з форткай, якая не закрываетцца, двух'ярусныя ложкі без лесвічак, сутарэннае памяшканне. Пасля гэтага ліста Алену Пятроўну пасадзілі ў адзіночку, на знак пратэсту жанчына галадала 5 дзён.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі