У Брэсце другі дзень запар стаіць стыхійны лагер уцекачоў з Чачні (фота)

У Брэсце другі дзень запар стаіць стыхійны лагер уцекачоў з Чачні.  Як паведамляла Еўрарадыё, 29 жніўня яны арганізавалі акцыю каля памежнага пераходу “Брэст” ды пратэстуюць супраць таго, што польскія памежнікі не прапускаюць іх у Еўрасаюз. Па іх словах, мэта акцыі — прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемы.

Уцекачы электрычкай з Брэста спрабуюць патрапіць без візаў у Польшчу, дзе хочуць атрымаць прытулак. Аднак у Тэрэспалі большасць з іх “разварочваюць” назад у Беларусь. Некаторыя маюць па некалькі дзясяткаў такіх няўдалых спробаў трапіць у ЕС. Учора ўдзельнікі мітынгу прынялі рашэнне напісаць калектыўны ліст да прадстаўнікоў чачэнскай дыяспары ў Польшчы. Яны спадзяюцца, што праз іх улады гэтай краіны нарэшце даведаюцца пра існуючую праблему.

Некалькі дзесяткаў чалавек начавалі каля памежнага пераходу.

“Нават калі ў цябе мала грошай, ты за апошняя здымаеш жыллё дзеля сваіх дзяцей. А ў каго скончыліся гэтыя грошы, ішлі спаць на вакзал. Там таксама нельга нармальна легчы, пакласці дзіця… Мы разумеем, што тут, у Беларусі, ёсць свае законы, якія мы не хочам парушаць. Мы дзякуем за тое, што нас тут прынялі, але ўсё роўна нам ужо сорамна ночыць на вакзале”, — кажа Еўрарадыё адзін з уцекачоў.

За “лагерам” усе два дні назіраюць супрацоўнікі памежнай службы і праваахоўных органаў. Руху аўтамабіляў, якія едуць праз памежны пункт, уцекачы не перашкаджаюць. Нейкага канкрэтнага плану дзеянняў чачэнцы не маюць. Колькі будзе працягвацца іх акцыя, яны самі не ведаюць.

Паводле інфармацыі брэсцкага праваабаронцы Рамана Кісляка, нікога з чачэнцаў праваахоўнікі пакуль не затрымалі.