У Брэсце адкрылася фотавыстава пра міжваенную гісторыю горада (фота)

У Брэсце адкрылася фотавыстава пра міжваенную гісторыю горада (фота)

У Брэсце адкрылася фотавыстава пра міжваенную гісторыю горада. Праходзіць яна ў Генеральным консульстве Польшчы. У экспазіцыі прадстаўленыя 48 фотаздымкаў з прыватнай калекцыі мінскага архітэктара Андрэя Далгоўскага.

Выстава ўмоўна падзеленая на тры часовыя этапы. Першы з іх  прадстаўлены фатаздымкамі пачатку 20-х гадоў, перыяд усталявання ў горадзе польскай адміністрацыі. Да другога перыяду можна аднесці фатаздымкі канца 1920-х - сярэдзіны 1930-х гадоў, дзе адлюстраванае жыццё ў польскім Брэсце-над-Бугам — сталіцы Палескага ваяводства. І трэці — трагічны этап, які закранае пачатак Другой сусветнай вайны, напад Нямеччыны на Польшчу, баявыя дзеянні ў Брэсце і ваколіцах у верасні 1939-га.

Па словах Андрэя Далгоўскага, пераважная большасць фотаздымкаў да гэтага нідзе не выстаўлялася. На іх можна пабачыць штодзённае жыццё гараджан і салдат з вайсковых частак, дыслакаваных у Брэсце.

“Тут, на гэтай выставе, кожны чалавек знойдзе штосьці сваё. Камусьці будуць цікавыя віды, дзе гэта ўсё знята. Кагосьці зацікавіць мода — як апраналіся людзі. А камусьці будзе цікавы сам сюжэт. Напрыклад, вельмі цікава, як працавалі вулічныя фатографы на цэнтральных вуліцах Брэста. Нават самі яны трапілі ў кадр сваіх калег ці канкурэнтаў”, — распавядае калекцыянер.

Пазней выстава перамесціцца ў залу афармлення віз, дзе з ёй цягам месяца змогуць азнаёміцца ​​наведвальнікі консульства.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі