У "БелГазеты" другі дырэктар за два тыдні

У "БелГазеты" з'явіўся новы дырэктар — Юрась Карэтнікаў. Пра гэта было заяўлена на прэс-канферэнцыі, якую правёў у Мінску ўладальнік асноўнага пакета акцый выдання Кірыл Жываловіч.

Карэтнікаў — былы сябра незарэгістраванай Беларускай партыі свабоды і экс-кіраўнік таксама незарэгістраванай арганізацыі "Правы альянс". У апошні час кіраваў рэкламным агенцтвам.

Нядаўна дырэктарам "БелГазеты" стаў вядомы ў Беларусі праваабаронца, кіраўнік праваабарончай арганізацыі “Нью платформ інавэйшан” Андрэй Бандарэнка. Аднак Кірыл Жываловіч назваў абранне Бандарэнкі на пасаду дырэктара "рэйдарскім захопам".

На прэс-канферэнцыі Жываловіч назваў сітуацыю "анекдатычнай". Асноўным уладальнікам выдання ён з'яўляецца з 2016 года, а да таго шмат гадоў працаваў журналістам. Кірыл Жываловіч падкрэсліў, што "БелГазета" — "беларуская газета і яна ёй застанецца". Паводле яго слоў, група юрыстаў вывучыла сітуацыю, пасля чаго ў суд накіроўваецца іск аб прызнанні змены дырэктара (прызначэнне Бандарэнкі) неправамернай.

Больш цікавых падзей за 23.01 у праграме ЕЎРАЗУМ