У Беларусі з'явіліся сем новых палітвязняў

У Беларусі з'явіліся сем новых палітвязняў

Праваабаронцы Беларусі прызналі яшчэ сем чалавек палітвязнямі. Гэта Мікіта Харловіч, Дзмітрый Цімашэнка, Аляксандр Дзяркач, Юлія Кашаверава, Аляксандр Каратчэня, Наталля Раентава, Мікіта Залатароў.

Усім ім былі вынесеныя прысуды па крымінальных справах, звязаных з абвінавачваннем у выкарыстанні гвалту ў адносінах да супрацоўнікаў міліцыі, супрацівам з выкарыстаннем гвалту супрацоўніку МУС, іншым службовым асобам, якія выконваюць службовыя абавязкі, і хуліганствам (арт. 363, 364, 366, 339 КК).

У супольнай заяве праваабаронцы нагадваюць аб праве грамадзян на мірныя сходы. На іх думку, пратэстоўцы мелі права на абарону ад неправамерных дзеянняў міліцыянтаў.

"Непрапарцыйна жорсткія дзеянні міліцыі, скіраваныя на спыненне мірных сходаў, нельга разглядаць як законную дзейнасць па абароне і ахове грамадскага парадку, а ў выпадках прычынення ў дачыненні да прадстаўнікоў МУС справакаванага імі ж гвалту “ў адказ” з боку пратэстоўцаў, дадзеныя дзеянні неабходна разглядаць зыходзячы з цяжкасці прычыненай шкоды здароўю і ўмысла на прычыненне такой шкоды, а таксама як абарону ад відавочна неправамерных дзеянняў супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія дзейнічалі ў тым ліку па незаконным загадзе (неабхадная абарона)", — падкрэсліваюць праваабаронцы.

Прысуды, вынесеныя па названых вышэй справах, праваабаронцы лічаць непрапарцыйна жорсткімі і неадэкватнымі правапарушэнню. Па аналагічных справах без палітычнага кантэксту прысуды выносіліся больш мяккія.  

Шэраг судовых працэсаў праводзіўся ў закрытым рэжыме, хаця такое рашэнне не было выкліканае неабходнасцю абароны дзяржаўнай таямніцы ці інфармацыі асабістага характару ўдзельнікаў працэсу.

"Таксама маніторынг судовых пасяджэнняў засведчыў і іншыя парушэнні прынцыпаў справядлівага судовага разбіральніцтва: парушэнні прэзумпцыі невінаватасці, роўнасці перад судом і інш.", — канстатуюць праваабаронцы.

Яны патрабуюць перагледзець прысуды, вынесеныя названым палітвязням, а таксама вызваліць іх з-пад варты, выкарыстаўшы іншыя меры для яўкі ў суд. 

Пад заявай падпісаліся праваабарончы цэнтр "Вясна" (зачынены ўладамі), РГА "Прававая ініцыятыва”, Беларускі дакументацыйны цэнтр, Беларускі ПЭН-цэнтр, цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт”, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, простае таварыства "Ініцыятыва FORB", Беларуская асацыяцыя журналістаў.

На сёння ў Беларусі налічваецца 258 палітвязняў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі