Вы тут

У Беларусі затармазіўся рост ВУП

За 10 месяцаў рост беларускай эканомікі склаў 2,4% / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com

У кастрычніку ў Беларусі запаволіўся рост ВУП, канстатуюць эксперты Еўразійскага банка развіцця. Калі за 9 месяцаў эканоміка Беларусі павялічылася на 2,7%, то па выніках 10 месяцаў гэты паказчык сціснуўся да 2,4%.

"Эканоміку працягнуў падтрымліваць сектар інфармацыі і сувязі. Дынаміка апрацоўчай прамысловасці і іншых сектараў сферы паслуг у кастрычніку аслабла", — тлумачаць сітуацыю эксперты ЕАБР.

Прасяданне ў гэтых сектарах можа быць звязанае з дзвюма прычынамі. Па-першае, мяркуюць у ЕАБР, пік аднаўлення знешняга попыту пройдзены, нарошчваць экспарт ужо складаней. І, па-другое, адбіваецца чарговая хваля пандэміі. 

У банку лічаць, што па выніках года рост ВУП Беларусі складзе 2,5% да ўзроўню 2020 года. Першапачаткова прагнозы былі сціплейшыя, але ў верасні ЕАБР перагледзеў паказчыкі. Гэта было звязана "з больш моцнай, чым чакалася, дынамікай сферы паслуг у чэрвені-ліпені на фоне імавернай адаптацыі насельніцтва да ўмоваў пандэміі, а таксама з павелічэннем аб'ёмаў фінансавання эканомікі з боку дзяржавы, якія не адносяцца на бюджэтныя выдаткі".

Увосень пераглядаў свой прагноз па Беларусі і Міжнародны валютны фонд. Паводле ацэнкі МВФ, сёлета эканоміка Беларусі прырасце на 2,1%. Хоць яшчэ ў красавіку Фонд меркаваў, што эканоміку чакае рэцэсія, і ВУП знізіцца на 0,4%.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.