МВФ змяніў свой прагноз эканамічнай сітуацыі ў Беларусі

Цяпер МВФ чакае, што ВУП Беларусі вырасце ў 2021 годзе / AP Photo / Jose Luis Magana​
Цяпер МВФ чакае, што ВУП Беларусі вырасце ў 2021 годзе / AP Photo / Jose Luis Magana​

Міжнародны валютны фонд перагледзеў свой прагноз па сітуацыі ў эканоміцы Беларусі ў 2021 годзе, як вынікае з апублікаванага ў аўторак агляду World Economic Outlook.

Паводле ацэнкі МВФ, сёлета ВУП Беларусі чакае рост на 2,1%. Між тым у красавіку 2021-га Фонд меркаваў, што гэты паказчык знізіцца на 0,4%.

Адначасова Фонд палепшыў ацэнку сальда рахунку бягучых аперацый плацежнага балансу Беларусі. Эксперты МВФ чакаюць прафіцыту бягучага рахунку ў 0,4% ВУП (раней прагназаваўся дэфіцыт 0,3% ВУП).

У той жа час МВФ у новым аглядзе знізіў на 0,3% ацэнку росту ВУП Беларусі ў 2022 годзе. Гэты паказчык паменшаны ў параўнанні з красавіцкім прагнозам да 0,5% з 0,8%.

МВФ таксама пагоршыў ацэнку інфляцыі ў Беларусі ў 2021-2022 гадах. Цяпер Фонд прагназуе рост спажывецкіх цэн у гэтым годзе на ўзроўні 9,2% (раней — 6,9%). У наступным годзе інфляцыя можа замарудзіцца да 8, 3% (раней — 5,5%), мяркуе МВФ.

Як паведамляла Еўрарадыё, эксперты Еўразійскага банка развіцця лічаць, што патэнцыял росту беларускай эканомікі зараз абмежаваны 1-1,5% у год. У 2022 годзе ЕАБР чакае, што гэты паказчык складзе 0,4% ВУП.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі