У Беларусі забаранілі рэарганізацыю фірмаў з капіталам з "недружалюбных краін"

Раней у Беларусі забаранілі прадаваць долі ў замежных кампаніях / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Раней у Беларусі забаранілі прадаваць долі ў замежных кампаніях / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com

Улады Беларусі забаранілі ажыццяўляць рэарганізацыю кампаній, удзельнікамі або ўласнікамі якіх з'яўляюцца інвестары з "недружалюбных краін". Гэта прадугледжана ўказам Аляксандра Лукашэнкі, які ўносіць змены яшчэ ў сакавіцкі дакумент "Аб дадатковых мерах па забеспячэнні стабільнага функцыянавання эканомікі". Новы ўказ апублікаваны на Нацыянальным прававым партале.

Раней, нагадаем, замежным інвестарам ужо забаранілі прадаваць свае долі і акцыі ў такіх кампаніях. Цяпер забараняецца і "рэарганізацыя юрыдычнай асобы Рэспублікі Беларусь, уключанай у пералік (Саўміна рэд.),.. а таксама выхад з такой юрыдычнай асобы ўдзельніка, які з'яўляецца асобай з замежнай дзяржавы, што ажыццяўляе недружалюбныя дзеянні ў дачыненні да беларускіх юрыдычных і (або) фізічных асоб". Немагчыма будзе і зарэгістраваць новую юрыдычную асобу, якая ствараецца ў выніку рэарганізацыі старой, у дачыненні да якой дзейнічае забарона.  

У пераліку Саўміна, які быў зацверджаны ўлетку, 190 кампаній. Ва ўрадзе растлумачылі тады гэты крок спробай папярэдзіць адток капіталу. Хоць эканамісты казалі, што забарона на продаж акцый хутчэй з'яўляецца актам падтрымкі Расіі. Гэтае рашэнне "не мае ніякай эканамічнай логікі за выключэннем "а давайце мы нагадзім каму-небудзь", казаў тады незалежны аналітык Сяргей Чалы. Хутчэй эмацыйнай рэакцыяй на санкцыі, чым рацыянальным крокам назваў гэтае рашэнне і кіраўнік праекта "Кошт Урада" і заснавальнік Petitions.by Уладзімір Кавалкін.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі