У Беларусі за мат заблакавалі сайт "Луркоморье"

У Беларусі за мат заблакавалі сайт "Луркоморье"

На выходных беларускія карыстальнікі заўважылі, што спыніўся доступ да інтэрнэт-энцыклапедыі "Луркоморье" (lurkmore.to). 

У Міністэрстве інфармацыі журналістам партала tut.by патлумачылі, што сайт заблакаваны, бо  на ім распаўсюджвалася недакладная інфармацыя, а таксама прысутнічала нецэнзурная лексіка, забароненая для распаўсюду ў СМІ. Такія прычыны назваў намеснік начальніка ўпраўлення прававой і кадравай работы міністэрства Юрый Бябешка.

Са скаргай на сайт у Мінінфармацыі звярнулася Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Згодна з рашэннем ведамства, у Беларусі блакуюцца ўсе старонкі рэсурсу, у тым ліку доступ праз "абаронены" пратакол HTTPS.

Сайт трапіў у "Пералiк блакаваных інтэрнэт-рэсурсаў", які складае Дзяржаўная інспекцыя Рэспублікі Беларусь па электрасувязі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі. 

Раней "Луркоморье" было забароненае ў Расіі, але ў кастрычніку 2016-га ўсе старонкі сайта былі выключаныя з расійскага спісу блакавання. 

"Луркоморье" — гэта нефармальная гумарыстычная інтэрнэт-энцыклапедыя. Артыкулы сайта напісаныя на жаргоне, які складаецца з інтэрнэт-мемаў. У сваёй большасці яны апісваюць з'явы, падзеі і асоб, звязаных з сучаснай папулярнай культурай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі