Вы тут

У Беларусі абмежавалі цэны на яблыкі і некаторую гародніну

Цэны абмежавалі толькі на некаторую гародніну беларускай вытворчасці / ілюстрацыйнае фота​ pixabay.com

Беларускія яблыкі ў крамах краіны да траўня не могуць падаражэць вышэй за 2 рублі 54 капейкі, а свежая бульба — больш за 1 рубель 43 капейкі. Урад Беларусі вызначыў гранічныя максімальныя цэны на прадукцыю, што "выраблена і рэалізуецца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, у тым ліку з стабілізацыйных фондаў харчовых тавараў". Тэкст пастановы з'явіўся на Нацыянальным прававым партале.

Такім чынам крамы не змогуць падняць цэны на пералічаныя пазіцыі вышэй пазначаных межаў. Акрамя бульбы і яблыкаў бязмежна павышаць кошты будзе нельга на белакачанную капусту (максімальны кошт да мая— 1,75 рубля), рэпчаты лук (1,6), моркву (1,58) і буракі (1,44). Абмежаванне тычыцца толькі гародніны і яблыкаў, вырашчаных у Беларусі.

Пастанова ўстанаўлівае максімум і на адпускныя кошты па гэтых пазіцыях. Дзейнічаць такі рэжым будзе з студзеня па май. У гэты перыяд максімальныя адпускныя і рознічныя цэны будуць фармавацца "з улікам кан'юнктуры рынку", але не вышэй коштаў, прадугледжаных гэтай пастановай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.