У Беларусі вучацца ліквідоўваць наступствы ракетных і авіяўдараў
У Беларусь прыбыў чарговы камплект зенітнага ракетнага комплексу С-400 / t.me/modmilby/
У Беларусі вучацца ліквідоўваць наступствы ракетных і авіяўдараў умоўнага праціўніка. З 29 траўня ў беларускім войску праводзяцца спецыяльныя вучэнні. Як паведамляе прэс-служба Мінабароны РБ, імі кіруе намеснік міністра абароны па ўзбраенні генерал-маёр Андрэй Федзін. Задзейнічаны органы вайсковага кіравання і вайсковыя часці тэхнічнага забеспячэння, ваеннаабавязаныя, прызваныя ў згаданыя падраздзяленні.
Падчас вучэнняў, якія працягнуцца да 2 чэрвеня, адпрацоўваюцца таксама "пытанні забеспячэння злучэнняў і вайсковых часцей ракетамі і боепрыпасамі, павышэння жывучасці сіл і сродкаў тэхнічнага забеспячэння".
Сёлета ў нашай краіне неаднаразова адпрацоўвалі размеркаванне ваеннай авіяцыі па запасных аэрадромах, у тым ліку грамадзянскіх. Звычайна такія трэніроўкі праходзяць у чаканні вайны і ўдараў праціўніка па ваенных аэрадромах.
У сярэдзіне траўня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі войскі СПА знаходзяцца ў павышанай баявой гатоўнасці. Здарылася гэта пасля знішчэння ўкраінцамі ў Бранскай вобласці расійскай авіягрупы. У Мінску ўважліва сочаць за новымі магчымасцямі Украіны пасля чарговых паставак заходняй вайсковай тэхнікі і ўзбраенняў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.