У Беларусі вайскоўцы бясплатна атрымаюць арэнднае жыллё ва ўласнасць

"Нам трэба ісці на гэта радыкальна" / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com

У Беларусі вайскоўцы бясплатна атрымаюць арэнднае жыллё ва ўласнасць. Але пры ўмове, што яны адслужаць 25 гадоў. Пра гэта ў аўторак па выніках нарады ў Аляксандра Лукашэнкі заявіў віцэ-прэм'ер Анатоль Сівак. "Мы прыйшлі да разумення, што найбольш прымальны варыянт забеспячэння жыллём вайскоўцаў — будаўніцтва арэнднага жылля з наступнай перадачай ва ўласнасць", цытуе яго словы БЕЛТА.

Да 1 студзеня 2023 года падрыхтуюць нарматыўны акт. У ім і будзе апісаны механізм перадачы ва ўласнасць жылля, распавёў Сівак.

На нарадзе Лукашэнка гаварыў: "Служыш — жыві, адслужыў патрэбную колькасць гадоў, дапусцім, 25 гадоў, — дзяржава павінна загадзя сказаць: мы гэтаму чалавеку пасля 25 гадоў (калі ён сыходзіць са службы, звальняецца ў запас ці па яшчэ нейкіх аб'ектыўных прычынах) бясплатна аддаём гэтую кватэру, жыллё ці ён 3% павінен заплаціць, ці па рэшткавым кошце? Думаю, што нам трэба ісці на гэта радыкальна".

У бліжэйшыя два гады ў Беларусі пабудуюць каля 700 тысяч квадратных метраў арэнднага жылля для вайскоўцаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.