У Беларусі стварылі праграму, якая будзе аўтаматычна скардзіцца ў Мінгандлю

У Беларусі стварылі праграму, якая будзе аўтаматычна скардзіцца ў Мінгандлю

Група энтузіястаў, аб’яднаная ў “каманду SYMPA/BIPART”, ужо больш за год аналізуе, як у Беларусі праводзяцца дзяржзакупкі. Вывучаюць не толькі, што набываюць і як, але і тое, як афармляецца ўся працэдура тэндэра. І першае, што кідаецца ў вочы, распавядае адзін “даследчыкаў” Уладзімір Кавалкін, — гэта “крыварукасць закупшчыкаў”.

“Да прыкладу, яны не ўмеюць правільна выбраць валюту. І ад гэтага мільярд беларускіх рублёў ператвараецца ў мільярд еўра ці долараў. А гэта непасрэднае парушэнне заканадаўства — публікуюць недакладныя звесткі. Асабліва, калі размова ідзе пра вынік закупкі: закупшчык нам паведамляе, што ён за такую суму набыў. Пытанне: адкуль у цябе мільярд еўра?” — распавядае Кавалкін.

А менавіта за такую суму, у адзін мільярд 99 мільёнаў 815 тысяч у.а. набыў, калі верыць сайту дзяржзакупак, аддзел ідэалагічнай працы Бялыніцкага райвыканкама сістэму лічбавага 3D-кінапаказу для кінатэатра “Зорька”.

З вялікай нацяжкай да “памылак” можна аднесці і звесткі на афіцыйным сайце закупак, што, да прыкладу, Дэпартамент фінансаў і тылу МУС набыў на суму 168 265 умоўных адзінак “легкавыя аўтамабілі”. Якія аўтамабілі, колькі — невядома.

Але гэта не самае страшнае ў закупках аўто. Больш падазрэнняў выклікае аб’ява, што арганізацыя хоча набыць канкрэтны аўтамабіль канкрэтнай маркі з пэўнай камплектацыяй. Хоць па законе, закупшчык павінен толькі апісваць тэхнічныя характарыстыкі машыны, якую хоча набыць. Ну, ці называць марку і мадэль з пазнакай: “альбо аналаг”. Такіх пазнак вельмі часта няма.

Уладзімір Кавалкін: “У выніку адбываецца закупка без закупкі. Выключны фармалізм: публікуецца запрашэнне, але “тэндар” ужо відавочна адбыўся. Людзі хочуць набыць канкрэтна, да прыкладу, “Пежо” канкрэтнай мадэлі і нават указваюць патрэбную камплектацыю. Гэта проста пыл у вочы, каб паказаць, што яны сапраўды праводзяць адкрытую працэдуру. Хаця конкурсу рэальнага ў гэтым няма”.

Не менш цікавая сітуацыя з закупкамі, якія аб’яўляюць беларускія ідэолагі. Найчасцей яны набываюць “паслугі па вырабу і трансляцыі сацыяльна-значных альбо рэгіянальна-значных тэлепраграм”. Ці паслугі кантэнт-менеджара. Тут і ўвогуле дзіўная сітуацыя, дзеліцца назіраннямі Уладзімір.

“Набываюць “паслугі па напаўненні афіцыйнага сайта” — так яны гэта называюць. Яны набываюць на год паслугі кантэнт-менеджара. А гэта даволі нізка кваліфікаваная праца, сутнасць якой у тым, каб шукаць цікавыя навіны ў інтэрнэце і перастаўляць іх на свой сайт. Але, калі параўнаць суму, за якую праз тэндар набываюць гэтыя паслугі, і заробак кантэнт-менеджара, то бачна, што калі проста ўзяць на працу неабходнага спецыяліста, то за патрачаная на год грошы яму можна плаціць заробак 7,5 гадоў”.

Цікаўлюся самымі скандальнымі закупкамі: калі, хто і што набываў?

Уладзімір Кавалкін: “Самыя скандальныя закупкі звязаныя з Мінсктрансам і набыццём валідатараў, кампосцераў і тых табло, якія вісяць на прыпынках у цэнтры Мінска, якія былі набытыя за дзяржаўныя грошы, але не нясуць у сабе ніякага сэнсу. Гэта добры прыклад дзяржзакупак, калі набываюцца рэчы, набываюцца яны сумленна, але сэнсу ў іх няма — гэта фактычна выкінутыя грошы”.

Дарэчы, па факце набыцця тых валідатараў па незвычайна высокім кошце праваахоўнікі распачалі следства амаль два гады таму, але вынікаў дагэтуль не чуваць. Гэта сведчанне таго, рэзюмуе Уладзімір Кавалкін, наколькі складана прыцягнуць да адказнасці удзельнікаў тэндарных закупак. Бо спосабаў правесці тэндар нібыта сумленна, але на карысць канкрэтнага пастаўшчыка тавараў ці паслуг — безліч.

Актывісты збіраюцца прыцягнуць увагу Мінгандлю да парушэнняў. Кажуць, пакуль у тых да супрацоўніцтва імпэту няма. Знайшлі іншы шлях: напісалі праграму, якая будзе шукаць парушэнні на сайце дзяржзакупак і аўтаматычна накіроўваць скаргу ў Мінгандлю.

“Прыблізна 4 з 5 тэндэраў, а гэта каля 80%, ідуць з нейкімі парушэннямі, у тым ліку і тэхнічнымі. І калі органы дзяржаўнай улады не хочуць наводзіць парадак, то яны будуць атрымліваць скаргі ў аўтаматычным рэжыме і нешта з імі рабіць”, — тлумачыць сэнс задумы Кавалкін.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі