У Беларусі стала менш вайскоўцаў з РФ і разбураны Вугледар — 397-я раніца вайны

 Вугледар / @pavlokyrylenko_donoda
 Вугледар / @pavlokyrylenko_donoda

Колькасць расійскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі зменшылася, заявіў спікер украінскай Дзяржпамежслужбы Андрэй Дземчанка. "Цяпер, паводле нашых звестак, крыху больш за 4 тысячы вайскоўцаў Узброеных сіл Расіі знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, але яны ў асноўным прыцягнутыя альбо на сумесных вучэннях, альбо ж да падрыхтоўкі, якая працягваецца ў Беларусі", прыводзіць словы Дземчанкі "Укрінформ". У студзені, паводле ацэнак памежнікаў, у Беларусі было прыкладна 11 тысяч расійскіх вайскоўцаў. І тыя падраздзяленні, якія прайшлі ў Беларусі падрыхтоўку, Расія вывела на сваю тэрыторыю.

Еўрапейскія краіны працягваюць рэагаваць на ўчорашнюю заяву расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна аб намеры размясціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю. Парыж заклікаў Маскву адмовіцца ад гэтага кроку. На думку французскіх дыпламатаў, гэта "з'яўляецца дадатковым элементам размывання міжнароднай архітэктуры кантролю над узбраеннямі і стратэгічнай стабільнасці ў Еўропе". У Літве заклікалі да новых санкцый супраць Расіі. На думку Вільнюса, "гэта адчайныя крокі Пуціна і Лукашэнкі, каб стварыць яшчэ адну хвалю напружання і дэстабілізацыі ў Еўропе". Адказаць новымі санкцыямі на такі крок Расіі раней, нагадаем, паабяцаў галоўны дыпламат ЕС Жазэп Барэль. На яго думку, Беларусь яшчэ можа гэта спыніць, гэта яе выбар. Але ў NATO пакуль не бачаць ніякіх зменаў у ядзернай пазіцыі РФ.

Уладзімір Пуцін мяркуе, што ўсё яшчэ можа перамагчы ва Украіне, мяркуюць у Інстытуце вывучэння вайны. Ён зрабіў стаўку на зацяжную вайну і чакае, калі ва Украіны скончацца сілы, а ў заходніх краін цярпенне.

"Ні Украіна, ні Захад не пераканалі Пуціна ў тым, што ён павінен разгледзець магчымасць любога кампрамісу. Замест гэтага Пуцін застаецца засяроджаным на дасягненні сваіх першапачатковых вайсковых мэтаў шляхам зацяжнога канфлікту, у якім ён пераможа, навязаўшы сілай сваю волю Украіне або зламаўшы волю Украіны пасля таго, як Захад спыніць падтрымліваць Кіеў", — гаворыцца ў справаздачы аналітыкаў Інстытута. Прымусіць расійскага прэзідэнта сесці за стол перамоваў, лічаць эксперты, можа толькі паспяховыя наступу ўкраінскай арміі.

У Расіі, тым часам, агучылі сваю версію выбуху, які адбыўся ўчора ў горадзе Кірэеўск Тульскай вобласці. У расійскім Мінабароны кажуць, што нібыта ўкраінскі беспілотнік  "быў выведзены са строю" комплексам радыёэлектроннай барацьбы і ўпаў. Нагадаем, учора ў Кірэеўску адбыўся выбух. На месцы выбуху ўтварылася варонка. Некалькі чалавек пацярпелі.

Да сітуацыі на фронце. Украінскія вайскоўцы за суткі адбілі больш за 60 расійскіх нападаў. Расіяне па-ранейшаму спрабуюць весці наступальныя дзеянні на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім кірунках. Тым часам кіраўнік Данецкай абласной вайсковай адміністрацыі Павел Кірыленка паказаў, як цяпер выглядае разбураны Вугледар. Гэты горад расіяне ўвесь час абстрэльваюць. "Калі якія-небудзь словы лішнія. Так цяпер выглядае Вуглядар", — напісаў Кірыленка ў Telegram.

В Беларуси стало меньше военных из РФ и разрушенный Угледар — 397-е утро войны
Так цяпер выглядае Вуглядар / @pavlokyrylenko_donoda

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заклікаў украінцаў працягваць падтрымліваць вайскоўцаў, не забываць аб працы валанцёраў, дапамагаць у інфармацыйнай працы. Пра гэта ён казаў у традыцыйным відэазвароце.

"Гэта няправільна, несправядліва, калі ў нашых байцоў, якія прыязджаюць з перадавой, з'яўляецца такое адчуванне, быццам для многіх у тыле вайна ўжо скончылася", — сказаў Зяленскі. Ён адзначыў, што цяпер гэтак жа як і год таму, важна, каб як мага больш украінцаў дапамагалі абароне дзяржавы, дапамагалі засяродзіць сусветную падтрымку дзеля перамогі.

Украінскія экіпажы завяршылі навучанне ў Вялікабрытаніі на танках Challenger 2 і вяртаюцца ва Украіну. Пра гэта піша The Guardian са спасылкай на брытанскае Мінабароны. Навучанне працягвалася некалькі тыдняў. Украінскія вайскоўцы атрымалі інструкцыі па камандаванні, ваджэнню і сумеснай працы экіпажа.

"Мы ўсе былі надзвычай уражаныя прадэманстраваным узроўнем кампетэнтнасці [украінцаў], і мы не сумняваемся, што нашы сябры будуць выкарыстоўваць танкі Challenger 2 найбольш эфектыўна ў будучых баях, калі яны будуць змагацца за сваю Радзіму", — заявіў лейтэнант Джон Стоўн, ён кіраваў вучэбнай місіяй. Раней амбасадар Украіны ў Вялікабрытаніі Вадзім Прыстайка казаў, што Лондан перадасць Кіеву ўдвая больш танкаў Challenger 2, чым першапачаткова абяцаў, гэта значыць 28.

В Беларуси стало меньше военных из РФ и разрушенный Угледар — 397-е утро войны
Украінскія вайскоўцы на ваеннай базе ў Вялікабрытаніі / РА

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі