Вы тут

У Беларусі расіянка атрымала 17 гадоў калоніі за 100 кг экстазі і гашышу

Схованка ў аўтамабілі / Брэсцкая мытня

У Беларусі расіянка атрымала 17 гадоў калоніі за больш за 100 кг экстазі і гашышу. Такое рашэнне 4 лістапада прыняў суд Брэсцкага раёна. 38-гадовая жыхарка Масквы ў пачатку траўня перавозіла праз мяжу найбуйнейшую за апошнія 25 гадоў партыю псіхатропаў і наркотыкаў, выяўленых на беларуска-польскай мяжы.

Здарэнне адбылося ў пункце пропуску "Дамачава". Супрацоўнікі Брэсцкай мытні знайшлі з дапамогай спецыяльнай апаратуры ў аўтамабілі Chrysler (у багажніку і ў салоне) схованкі з гашышам і экстазі. Яны, дарэчы, адчыняліся толькі пры дапамозе электрамагнітнага замка. У дачыненні замежніцы распачалі крымінальную справу, яе змясцілі ў следчы ізалятар.

Расіянку прызналі вінаватай у захоўванні, перавозцы і перамяшчэнні праз мяжу наркотыкаў і асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў у буйным памеры. 17 гадоў пазбаўлення волі прызначылі па сукупнасці злачынстваў. Жанчыну накіруюць у папраўчую калонію агульнага рэжыму. Аднак прысуд яшчэ можа быць абскарджаны. Раней грамадзянка Расіі не мела праблем з законам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.