Вы тут

У Беларусі паскорылася інфляцыя

Гадавая інфляцыя ў верасні склала 10,2% / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com​

Інфляцыя ў Беларусі ў верасні склала 10,2% год да года пасля 9,8% у жніўні, паведамляе Еўразійскі банк развіцця. Больш высокімі тэмпамі даражэлі харчовыя тавары. Іх цэны ў верасні выраслі на 11,2% год да года пасля 9,5% месяц таму.

Паскарэнне інфляцыі эксперты банка звязваюць з вялікімі інфляцыйнымі чаканнямі насельніцтва. На сітуацыю цісне і нізкі ўраджай збожжа сёлета. У выпадку з прадуктамі харчавання рост цэн звязаны і з павышэннем цэн на прадукты харчавання ў Расіі — асноўным гандлёвым партнёры Беларусі.

Эксперты банка мяркуюць, што гадавая інфляцыя сёлета ў Беларусі складзе каля 10%.

Нацбанк Беларусі сёлета ўжо двойчы карэктаваў прагноз па інфляцыі. Першапачаткова меркавалася, што цэны не вырастуць больш чым на 5%. У красавіку прагноз па інфляцыі адкарэктавалі да 7,5%. Але і ён пратрымаўся ўсяго квартал. У ліпені Нацыянальны банк Беларусі вызначыў новы парог гадавы інфляцыі на 2021 год — 9%.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.