У Беларусі мараторый на рост цэн збіраюцца адмяніць у другім квартале

Стала вядома. калі ў Беларусі будзе адменены мараторый на рост цэн. Нагадаем, снежаньская пастанова ўрада №1207 фактычна замарозіла цэны на спажывецкім рынку. Яе могуць адмяніць у другім квартале 2014 года. Пра гэта паведаміла 19 лютага сустаршыня праўлення Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага Жанна Тарасевіч. Паводле яе слоў, пытанне адмены цэнавага кантролю абмяркоўвалася тыдзень таму на калегіі Мінгандлю.

"Было заяўлена, што чакаецца практычна адмена пастановы №1207 і Міністэрства эканомікі ўнясе адпаведныя прапановы", — цытуе словы Тарасевіч БелаПАН.

Нагадаем, у снежні мінулага года, калі стаў імкліва расці курс долара, урад сваёй пастановай устанавіў фактычную забарону на павышэнне цэн на спажывецкім рынку. Як паведамляла Еўрарадыё, учора Міністэрствы гандлю і эканомікі выступілі з новымі растлумачэннямі да пастановы №1207 і прывялі новыя рэкамендацыі. У выпадку іх выканання да прадпрыемстваў не будуць прымяняцца меры адказнасці, прадугледжаныя ранейшай пастановай.

Дарэчы, раней бізнес-саюзы неаднаразова звярталіся ў Савет міністраў і настойвалі на адмене пастановы №1207. Яны тлумачылі сваю пазіцыю тым, што цэнавы кантроль негатыўна ўплывае на становішча прадпрыемстваў.

Фота: sb.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі