Вы тут

У Беларусі, каб атрымаць планавую меддапамогу, трэба будзе здаць ПЛР-тэст

Падчас медагляду / БЕЛТА

У Беларусі, каб атрымаць планавую медыцынскую дапамогу, трэба будзе здаць ПЛР-тэст. Пра гэта ў чацвер заявіў памочнік Аляксандра Лукашэнкі Аляксандр Косінец. Паводле яго слоў, гэта патрэбна, каб лекары былі ўпэўнены, што ў пацыента няма каранавіруса.

"Дапамога ў галіне анкалогіі, кардыялогіі, траўматалогіі, неўралогіі і нейрахірургіі, педыятрыі, акушэрства і гінекалогіі, планавая стаматалогія — гэта будзе аказвацца ў поўным аб'ёме",цытуе словы Косінца БЕЛТА. Ён сказаў, што для аказання планавай меддапамогі насельніцтву задзейнічаюць абласныя бальніцы і рэспубліканскія навукова-практычныя цэнтры.

Як вядома, 18 кастрычніка Міністэрства аховы здароўя паведаміла пра прыпыненне аказання планавай меддапамогі ў "амбулаторна-паліклінічных арганізацыях аховы здароўя". Тлумачылася, што гэта робіцца "з мэтай удасканалення аказання медыцынскай дапамогі пацыентам з інфекцыяй COVID-19". Аднак на наступны дзень Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў не адмяняць у Беларусі аказанне планавай меддапамогі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.