У Беларусі другі месяц запар падаюць цэны. Што патаннела больш за ўсё

Беларуская крама / Ілюстрацыйнае фота / Еўрарадыё

Беларусы пастаянна расказваюць пра рост цэн на той ці іншы тавар. Асабліва хутка яны падымаюцца на прадукты харчавання. Тым часам чыноўнікі ўжо другі месяц запар рапартуюць пра дэфляцыю.

Паглядзелі, якія прадукты за лістапад патаннелі больш за ўсё, а якія даражэюць нягледзячы ні на што.

У лістападзе дэфляцыя была рэкордная 1,1% (у кастрычніку 1%). Дзякуючы гэтаму гадавая інфляцыя запаволілася да 13,3%, паведамляе Белстат.

Цэны на харчовыя тавары ў мінулым месяцы ўпалі на 0,6%, на нехарчовыя — на цэлыя 2,2%, а платныя паслугі патаннелі на 0,4%.

Не, у Беларусі не здзейснілі эканамічны цуд насуперак росту сусветных цэн, наступствам санкцый і іншаму. Проста ўжо трэці месяц чыноўнікі жорстка рэгулююць цэны на прадукты харчавання і не толькі.

6 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка наогул забараніў падымаць якія-небудзь цэны. Тых прадаўцоў, хто не паслухаўся, пачалі штрафаваць і нават заводзіць крымінальныя справы. 19 кастрычніка ўрад усё ж адмяніў гэтую забарону, але ўвёў іншае рэгуляванне.

Ён склаў спіс з 370 відаў тавараў: прадуктаў, адзення, аўтамабіляў і іншых — і ўвёў гранічныя надбаўкі для імпарцёраў і гандлю. Ну, а калі некаму ўсё ж хочацца падвысіць цану на штосьці, гэта трэба ўзгадніць з дзяржорганамі.

І вось дзякуючы прынятым мерам цэны пайшлі ўніз. На некаторыя тавары яны ўпалі даволі істотна. Да прыкладу, аліўкавы алей патаннеў за лістапад больш, чым на 16%. Марожанае і натуральная кава — на 9% з лішнім.

Знізіліся цэны на рыбныя паўфабрыкаты, свіную тушонку і многае іншае.

Аднак ёсць і тое, што, нягледзячы на ўсе намаганні чыноўнікаў, працягвае даражэць. Больш за ўсё падняліся цэны на свежую гародніну — памідоры, агуркі, перац. Тут, як заўсёды, сваю ролю адыгрывае сезоннасць. Таксама насуперак агульнай дэфляцыі другі месяц падымаюцца цэны на тварог і некаторыя іншыя малочныя прадукты.

ЕАБР: “Расце рызыка адкладзенага росту цэн у будучыні”

У Еўразійскім банку развіцця пракаментавалі зніжэнне цэн у Беларусі. Там пацвердзілі, што "ў дынаміцы спажывецкіх цэн працягнулі выяўляцца эфекты ўвядзення новай сістэмы цэнавага рэгулявання". Яшчэ адзін фактар, які стрымлівае цэны, — гэта слабы ўнутраны попыт. Акрамя таго, уплыў валютнага курсу зрабіўся меншым пасля ўмацавання беларускага рубля да расійскага.

"У цэлым эфект ўзмацнення жорсткасці цэнавага рэгулявання на інфляцыю аказаўся больш значным у параўнанні з першапачатковымі чаканнямі", — адзначылі ў банку.

Эксперты прагназуюць, што праз гэта гадавы рост цэн у найбліжэйшыя месяцы працягне запавольвацца. Але разам з тым расце і рызыка адкладзенага росту коштаў у будучыні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.