Вы тут

У Беларусі дамы плануюць ацяпляць электрычнасцю

Фота: pixabay.com

У Беларусі дамы плануюць ацяпляць электрычнасцю. Міністэрства энергетыкі прапрацоўвае "комплексныя падыходы па тарыфах на электрычнасць", інфармуе БЕЛТА. Па словах міністра энергетыкі Віктара Каранкевіча, апошнім часам абмяркоўваецца пытанне аб адмене дыферэнцыраванай платы за электраэнергію ў залежнасці ад аб'ёмаў спажывання.

"Мяркуецца разгледзець і ўнесці дадатковыя прапановы па тарыфах, накіраваныя на павелічэнне электраспажывання, у тым ліку для мэтаў ацяплення", — кажа Каранкевіч. Сярод прапаноў — выкарыстанне электраэнергіі для ацяплення найперш шматкватэрных жылых дамоў. Чыноўнікі вывучаюць "эканамічны бок пытання", каб унесці прапанову "па адпаведным узроўні тарыфаў пры выкарыстанні электраэнергіі для ацяплення". Сфармаваныя комплексныя прапановы перададуць у пачатку снежня ў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, пасля іх атрымае Саўмін.

Міністр энергетыкі адзначыў, што "усе пытанні па прапанаваных тарыфах павінны быць вырашаны да 1 студзеня 2019 года".

У сярэдзіне лістапада на адной з нарадаў Аляксандр Лукашэнка задумаўся, куды дзяваць электрычнасць з Беларускай АЭС. Відаць, таму і спяшаюцца чыноўнікі хутчэй падрыхтаваць прапановы.