У Беларусі абноўлены пяць тэмпературных рэкордаў

У Беларусі захоўваецца гарачае надвор'е / Еўрарадыё​
У Беларусі захоўваецца гарачае надвор'е / Еўрарадыё​

Пяць лакальных тэмпературных рэкордаў былі абноўленыя 30 чэрвеня, паведамляе БелаПАН. Большасць з іх былі зафіксаваныя ў Брэсцкай вобласці.

Рэкорд дня быў пабіты ў Пінску: там паветра напярэдадні прагрэлася да +31,8 градуса, да таго рэкорднымі для 30 чэрвеня тут былі 31,5 градуса. Таксама рэкорды абноўленыя ў Ганцавічах (+30,6 супраць ранейшых +30,4), Лельчыцах (+30,6 супраць +30,2), на метэастанцыі "Палеская" ў Лунінецкім раёне (+30,9 супраць +30,5). У Лельчыцах ранейшы рэкорд быў зафіксаваны 30 чэрвеня 1997 года, на астатніх станцыях — 30 чэрвеня 2016-га.

Пяты рэкорд дня быў зафіксаваны ў Слуцку Мінскай вобласці. Тут паветра прагрэлася да + 29,9 градуса. Раней у самы гарачы дзень 30 чэрвеня ў 1996 годзе слупок тэрмометра падымаўся да 29,4.

БелаПАН падлічыў, што за некалькі дзён чэрвеня 2021 года — з 19-га па 26-е — на метэастанцыях краіны было перапісана 188 лакальных рэкордаў дня, 80 рэкордаў месяца і два рэкорды за ўвесь перыяд метэаназіранняў.

Сёння сіноптыкі прагназуюць на паўднёвым захадзе краіны кароткачасовыя дажджы і навальніцы. Пры навальніцах месцамі магчымыя моцныя ліўні, град і шквалістае ўзмацненне ветру. Максімальная тэмпература паветра складзе + 25 ..+31°С.

У Мінску таксама можа прайсці дождж, а паветра прагрэецца да +28..+30°С, увечары будзе +23..+26°С.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі