Вы тут

У Батсване за апошнія два месяцы загінулі сотні сланоў. Каранавірус?

У часы пандэміі каранавіруса бяда прыйшла не толькі да людзей, а, магчыма, і да жывёл / Reuters

У Батсване на поўдні Афрыкі за апошнія два месяцы загінулі сотні сланоў. Прычына гібелі жывёл пакуль невядомая — эксперты яшчэ не далі адказу, паведамляе "Бі-Бі-Сі".

Мясцовыя абаронцы прыроды ўпершыню папярэдзілі ўлады пра праблему ў пачатку траўня. Яны здзейснілі палёт над дэльтай Акаванга і пабачылі шматлікія трупы сланоў. Далейшыя даследаванні выявілі яшчэ шмат трупаў. Агульная колькасць ахвяр перавысіла 350. Абаронцы прыроды кажуць, што гэта абсалютна беспрэцэдэнтная падзея.

Вынікі лабараторных аналізаў чакаюцца ў другой палове ліпеня. Браканьерства і сібірская язва (ад яе летась у Батсване гінулі сланы) выключаюцца. Затое выказваецца меркаванне, што сланы маглі стаць ахвярамі... каранавіруса.

У Батсване жыве каля траціны папуляцыі ўсіх сланоў Афрыкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.