У авіякатастрофу пад Бярозай трапілі два вайсковыя знішчальнікі

Два знішчальнікі МіГ-29 927-й знішчальнай авіяцыйнай базы, размешчанай у Бярозе, датыкнуліся ўчора ў 20.15 у паветры падчас выканання складанага манеўра. Пра гэта Еўрарадыё расказаў кіраўнік прэс-службы Міністэрства абароны Вячаслаў Раменчык.
Вячаслаў Раменчык: “Гэта былі запланаваныя палёты ва ўмовах абмежаванай бачнасці, і адпрацоўваўся манеўр павышанай складанасці. Але маршрут палёту, дзеянні лётчыкаў – гэта падрабязнасці, якія высвятляюцца камісіяй”.

Зараз на месцы здарэння працуе камісія Мінабароны. У яе склад уваходзяць прадстаўнікі міністэрства, камандаванне Ваенна-паветраных сіл, Войскаў супрацьпаветранай абароны і вайсковай пракуратуры.

Па словах Раменчыка, адзін з самалётаў атрымаў пашкоджанні, якія не дазволілі яму працягваць палёт, а лётчык вымушаны быў катапультавацца. Другі – паспяхова сеў на базавым аэрадроме. Абодва лётчыкі здаровыя і праходзяць рэабілітацыю. Што тычыцца самалёта, які пасадзіць не ўдалося, то яго стан зараз высвятляюць.

Вячаслаў Раменчык: “Гэта вызначае толькі камісія. Гэта залежыць ад таго, на якой вышыні самалёт пакінулі. Вышыня ж можа быць нават нулявой пры катапультаванні. І тут толькі камісія можа высветліць ступень пашкоджання самалёта. І ці магчыма яго аднавіць”.

Ці толькі “ўмовы абмежаванай бачнасці” вінаватыя ў судакраненні самалётаў і ці не было ў гэтым віны саміх лётчыкаў, па словах кіраўніка прэс-службы Міністэрства абароны, таксама высветліць камісія.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі