У ААН выступяць беларускія праваабаронцы

З візітам у Жэневу адправіліся праваабаронцы Алег Гулак і Тацяна Равяка, а таксама юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.





Яны будуць распавядаць пра сітуацыю з захаваннем правоў чалавека ў Беларусі. Брыфінг праваабаронцаў папярэднічае разгляду справаздачы аб выкананні Беларуссю правоў чалавека, падрыхтаванай Міклашам Харашці.





Нагадаем, што сёння ў Жэневе пачынае працу 23-я сесія Савета ААН па правах чалавека. Даклад Харашці прызначаны на 4 чэрвеня. Дакумент рэкамендуе беларускім уладам неадкладна і без усякіх умоваў вызваліць з турмаў усіх палітычных апанентаў, праваабаронцаў і актывістаў.





Таксама ён рэкамендаваў ураду Беларусі прыняць меры для ўхілення ўсіх перашкод, якія замінаюць актыўнаму ўдзелу грамадскіх няўрадавых арганізацый і апазіцыйных партый у палітычным жыцці краіны, і гарантаваць бесстаронняе ўжыванне законаў на практыцы.





Афіцыйнаму Мінску рэкамендавана неадкладна ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне з далейшай яго адменай. Акрамя таго, уладам рэкамендуецца правесці расследаванне выпадкаў гвалтоўнага знікнення некалькіх беларускіх палітыкаў і журналіста (Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Змітра Завадскага), гарантаваць поўную незалежнасць судовай сістэмы і суддзяў і г.д.





Харашці так і не атрымаў магчымасці наведаць Беларусь, каб азнаёміцца з сітуацыяй на месцы, бо беларускія ўлады адмовіліся супрацоўнічаць з ім.





Фота — baku.diplo.de