Вы тут

Тры кампаніі падалі заяўкі на транзіт угнаенняў "Беларуськалія" праз Літву

Вагон "Беларуськалія"

"Літоўскія чыгункі" атрымалі запыты на перавозку ўгнаенняў "Беларуськалія" ад трох беларускіх кампаній. ЛЖД звярнуліся па тлумачэнні пра магчымасць заключэння такіх здзелак у Каардынацыйную камісію па ахове аб'ектаў, важных для забеспячэння нацыянальнай бяспекі.

Адну з заявак падала "Беларуская калійная кампанія". Яна звярнулася ў "Літоўскую чыгунку" 24 студзеня. Просьбу заключыць дамову на перавозку калійных угнаенняў БКК матывуе неабходнасцю выконваць існуючыя абавязацельствы па іх продажы з Клайпедскага порта.

Таксама на перавозку ўгнаенняў праз Літву прэтэндуюць кампаніі "Белінтэртранс" і "Белкалі-Мігао".

"Літоўскія чыгункі" шукаюць прававыя падставы, каб адхіліць заяўкі кампаній і тым самым спыніць транзіт беларускіх калійных угнаенняў праз Літву, гаворыцца ў прэс-рэлізе кампаніі. Заключаць такія пагадненні рызыкоўна з пункту гледжання літоўскіх і міжнародных прававых актаў і шматбаковых пагадненняў: "Беларуськалій" жаж знаходзіцца пад заходнімі санкцыямі! "Таму мы спачатку звярнуліся ва ўрадавую камісію", – кажа Эгідзіюс Лазаўскас, генеральны дырэктар ЛЧ.

Транзіт беларускіх угнаенняў праз Літву мусіць быць спынены з 1 лютага. Там прыйшлі да высновы, што ён супярэчыць нацыянальнай бяспецы краіны. У Беларусі неаднаразова агучваліся планы арганізаваць чыгуначныя перавозкі з "Беларуськалія" ў расійскія порты. Аднак пакуль што дзяржава спрабуе вярнуць літоўскі кірунак.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.