“Троіца” выпрабавала новы альбом на паляках. На чарзе беларусы (фота)

У этна-трыа “Троіца” шмат новага: па-першае, Іван Кірчук пагаліў бараду, ну а па-другое, гурт запісаў новую праграму “Сон-Трава” і прэзентаваў яе ў Варшаве 6 траўня.
Да беларусаў гэтыя навіны дойдуць толькі 17 траўня, на канцэрце ў КЗ “Мінск”.




Сярод людей, якія прыйшлі ў варшаўскі дом культуры паслухаць новыя песні “Троіцы”, можна было заўважыць шмат беларусаў: студэнтаў, журналістаў, творцаў і музыкантаў. Усе яны ведалі, на што ідуць і, падаецца, засталіся вельмі задаволеныя. Палякі даўно не чулі “Троіцу” – гурт доўгі час не даязджаў да Польшы, дакладней, праязджаў яе транзітам.

Расказвае Іван Кірчук, лідэр-вакаліст гурта:



"Папярэднія тры кампакт-дыскі “Троіцы” выйшлі ў Галандыі. І мы вельмі вялікі кавалак працы мелі там – давалі канцэрты, выступалі на розных фестывалях. Можа, таму мы шмат год праязджалі праз Варшаву і не прымалі ўдзел ні ў якіх польскіх фестывалях ці канцэртах. Я думаю, што калі наш новы дыск мы запісалі ў Польшчы, то, можа, нам ужо не ездзіць далёка – а пераязджаць мяжу і патрошку паказваць людзям беларускую этнічную музыку ў яе сучасным выглядзе".

Па рэакцыі публікі падчас канцэрту можна было зрабіць выснову, што палякам этнічная беларуская музыка спадабалася: некаторыя нават не захацелі сядзець у крэслах, а слухалі канцэрт, прытанцоўваючы і падскокваючы.

Падскокваць, дарэчы, было пад што: акрамя новай праграмы, якая збольшага атрымалася спакойнай па рытме, “Троіца” зайграла і шмат старых хітоў – “Галя, Галя”, “Яблынь моя”, “А хваліўся сват”.



Але пераважная большаць выкананых песень былі ўсё ж новымі. Іван Іванавіч не шкадаваў словаў перад кожнай кампазіцыяй і распавядаў людзям пра песні, абрады, з імі звязаныя. Распавядаў пра бабулек, якія наспявалі ім гэты матэрыял.

Калі праграма скончылася, “Троіцу” традыцыйна тры разы выклікалі “на біс”. І гэта нягледзячы на просьбу Кірчука: “Шаноўныя, мы зараз вам апошнюю песеньку зайграем, а вы нас больш ужо не завіце, бо мы свае “цацкі” (то бок шматлікія этнічныя інструменты) назад на сцэну не пацягнем”.
Але апладысменты былі такія шчырыя, што прыйшлося выйсці раз, і яшчэ раз, і яшчэ раз.

Цяпер “Троіца” ўжо вярнулася ў Беларусь і рыхтуецца да другой прэзентацыі свайго дыску, на радзіме. Што і калі чакаць беларускаму слухачу – расказвае Юры Дзмітрыеў, гітарыст “Троіцы”:



“17 траўня плануецца прэзентацыя нашага дыску ў Мінску, у КЗ “Мінск”. Мы, канешне, будзем спрабаваць вынесці на сцэну большасць з новых трэкаў, але разумееце, часамі гэта складана зрабіць, бо запісанае ў студыі часам немагчыма перадаць жыўцом. Але мы будзем старацца! Ну і напрыканцы некалькі нашых шлягераў зайграем”.

Што ж, да сустрэчы ў “Мінску” 17 траўня.

Фота: Наталля Ягорава

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі