Вы тут

Трэнер вяслярак: да выказванняў пра палітыку трэба дарасці

Уладзімір Шантаровіч / gp.by

Галоўны трэнер беларускай зборнай па веславанні на байдарках і каноэ Уладзімір Шантаровіч у інтэрв'ю "Трыбуне" пракаментаваў скандальныя выказванні сваіх падапечных. 

Раней бронзавая прызёрка Алімпіяды-2016, шматразовая чэмпіёнка свету і Еўропы байдарачніца Маргарыта Махнева публічна заявіла, што не разумее навошта патрэбная беларуская мова, калі ўсе мы гаворым па-руску. А двухразовая прызёрка Гульняў у Лондане і Рыа байдарачніца Марына Літвінчук на сваім акаўнце ў Instagram раскрытыкавала тых, хто збірае подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў. Выбарчыя пікеты яна ахарактарызавал як шоу, спектакль і разгойдванне натоўпу.

Шантаровіч заявіў, што для яго такія словы непрымальныя. "Мне наогул здаецца, што для падобных размоваў, для таго, каб выказваць такі пункт гледжання, людзі павінны даспець. Не проста пустэчу малоць, як у нас часта робіцца. Калі чалавек нешта кажа, значыць, у яго ёсць нейкі жыццёвы досвед, погляды на тую ці іншую сітуацыю павінны быць. Мне ўжо хутка 70, я шмат прайшоў, многае разумею. Ведаю, якой краіна была ў 90-я, бачу, якая яна цяпер. Але сёння мы не павінны замыкацца ў сваім гурточку, а трэба жыць, глядзець на суседзяў і развівацца", — адказаў ён.

Трэнер заявіў, што яму імпануе збор подпісаў і ўся выбарчая кампанія, калі няма ніякіх перагібаў. "Можа, гэта ўсё павінна было адбывацца з танцамі, скокамі. Не ведаю", — дадаў ён.

Шантаровіч прызнаўся, што некаторыя кандыдаты яму імпануюць — напрыклад, некаторыя выказванні Валерыя Цапкалы. "Мне спадабаліся яго погляды і падыходы да пэўных момантаў. Пра іх ён казаў у розных інтэрв'ю. Але пакуль нічога канкрэтнага ў Цапкалы ўсё роўна не ўбачыў. Напрыклад, хто будзе вырашаць існуючыя праблемы? Ён кажа, што за пяць гадоў будзе выканана нейкая сацыяльна-эканамічная праграма. А як і кім? Вось гэта хацелася б пачуць", — удакладняе трэнер зборнай.

Пры гэтым ён заяўляе, што на 70-80% вызначыўся, што будзе галасаваць на выбарах за цяперашняга кіраўніка краіны. Але паслухаць хочацца ўсіх кандыдатаў, каб ведаць, хто і што прапаноўвае.

Не пагадзіўся Шантаровіч і са словамі Маргарыты Махневай, якая заявіла пра непатрэбнасць беларускай мовы. "А я лічу, што беларуская — гэта наша спрадвечная мова. Словы Маргарыты — гэта выключна яе разуменне, яе бачанне", — заяўляе спецыяліст. 

Ён кажа, што шмат раздарыў у свеце беларускіх кніг і энцыклапедый: "І ўсё — на беларускай мове з перакладам на англійскую. І ўсе ў захапленні. Ды лепшай мовы няма ў свеце, як мне здаецца".

Трэнер прызнаецца, што выказвацца па-беларуску не можа, але шмат чытае. 

"Беларуская мова — яна наша, нацыянальная. І ў яе такія ж правы, як у рускай. Мы не павінны гэтую мову забываць. Калі забудзем, загубім краіну", — лічыць Шантаровіч.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.