Вы тут

Трэнер каманды Лукашэнкі — сярод новых кіраўнікоў завода АКБ пад Брэстам

Дзмітрый Баскаў, Аляксандр і Мікалай Лукашэнкі / З архіву БЕЛТА

У акумулятарнага завода пад Брэстам змяніўся ўласнік. Як паведамляе TUT.by, месца падкантрольнай бізнесмену Віктару Лемяшэўскаму кампаніі "Белінвестгандаль-Сплаў" занялі два бізнесмены, якія маюць "моцны хакейны бэкграўнд".

Завод пад Брэстам чатыры гады таму пачынала будаваць кампанія "АйПаўэр". Яе ўладальнікам якраз была фірма "Белінвестгандаль-Сплаў", а абедзве структуры ўваходзяць у 1AK-GROUP. Яе саўласнікам з'яўляецца бізнесмен Лемяшэўскі. І вось у 1AK-GROUP паведамілі, што прадпрыемства з 22 траўня 2020-га выведзена з пад яе кантролю: "У ходзе здзелкі быў здзейснены продаж 100% доляў у статутным фондзе ТАА "АйПаўэр". Завод ужо называецца  ТАА "Акумулятарны Альянс". Яго новыя гаспадары вядуць перамовы "з шэрагам буйных еўрапейскіх інвестараў па ўваходжанні ў капітал завода".

Адзіны дзяржрэгістр юрыдычных асоб сведчыць, што статутны фонд новага ўласніка прадпрыемства складае 6,7 млн рублёў. 85% кампаніі належыць Сяргею Кагановічу, 15% — Дзмітрыю Баскаву. Кагановіч —  намеснік дырэктара кампаніі "Семь Холмов Бел", захапляецца хакеем, раней удзельнічаў у спаборніцтвах з удзелам хакейнай каманды кіраўніка дзяржавы. Баскаў — гендырэктар хакейнага клуба "Дынама-Мінск", член савета дырэктароў БСБ Банка (як і Сяргей Кагановіч), трэніруе каманду Лукашэнкі.

Як паведамляла Еўрарадыё, будаўніцтва акумулятарнага завода пад Брэстам выклікала хвалю незадаволенасці ў мясцовых жыхароў, якія лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Больш за два гады кожную нядзелю на плошчы Леніна ў абласным цэнтры праходзяць сустрэчы праціўнікаў акумулятарнага завода ("кармленне галубоў"). У чэрвені 2019-га Брэсцкі аблвыканкам прыпыніў будаўніцтва "да ліквідацыі выяўленых парушэнняў", а генпракуратура пачала праверку. Тым часам КДБ распачаў крымінальныя справы супраць Віктара Лемяшэўскага за хабарніцтва. Аднак яшчэ летась бізнесмена і іншых фігурантаў справы выпусцілі з следчага ізалятара да суда.

У пачатку лютага сёлета Эканамічны суд вынес рашэнне па пазове Брэсцкага аблвыканкама да "АйПаўэр" аб вяртанні 5,7 млн рублёў. Кампанія атрымала іх з інавацыйнага фонду на будаўніцтва прадпрыемства. Падставай для пазову называлася не выкананне ўмоваў дамовы аб выдзяленні сродкаў.

У красавіку кампанія атрымала станоўчае заключэнне дзяржаўнай экалагічнай экспертызы па праекце будаўніцтва  завода, а таксама дазвол на выкіды забруджвальных рэчываў у атмасферу. Планавалася, што ў другім квартале ён пачне працу. Аднак неўзабаве Галоўдзяржбудэкспертыза прыняла рашэнне прыпыніць дзеянне свайго заключэння. Падставай для гэтага назвалі інфармацыю аб крыніцах фінансавання будаўніцтва завода.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.