Вы тут

Трамп звольніў свайго дарадцу, які прыязджаў на сустрэчу з Лукашэнкам

Джон Болтан падчас візіту ў Мінск / БЕЛТА

Дональд Трамп звольніў свайго дарадцу па нацыянальнай бяспецы Джона Болтана. Пра гэтае звальненне прэзідэнт ЗША напісаў у Твітары.

Па словах Трампа, ён катэгарычна не згодны са многімі прапановамі Болтана, і ў гэтай нязгодзе яго падтрымлівае мноства супрацоўнікаў Адміністрацыі прэзідэнта.

Ён падзякаваў Болтану за службу і папрасіў сысці ў адстаўку. Імя наступага дарадцы кіраўнік Злучаных Штатаў плануе назваць на наступным тыдні.

Нагадаем, сёлета 29 жніўня Джон Болтан прылятаў у Мінск. Ён сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам і міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем

Кіраўнік Беларусі на сустрэчы з Болтанам прапанаваў пачаць адносіны паміж Беларуссю і ЗША з новага аркуша. Праз Болтана прэзідэнт Беларусі перадаў кіраўніку Белага дома і яго жонцы падарункі — корцік ды ільняны абрус з сурвэткамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.