Трамп парушыў 100-гадовую традыцыю — не паехаў на вячэру з журналістамі

Трамп парушыў 100-гадовую традыцыю — не паехаў на вячэру з журналістамі

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у соты дзень свайго прэзідэнцтва парушыў даўнюю традыцыю і праігнараваў вячэру з журналістамі, якую ўжо стагоддзе ладзіць Асацыяцыя карэспандэнтаў пры Белым доме. Замест гэтага Трамп паехаў на мітынг сваіх прыхільнікаў у Пенсільванію. Выступаючы на ім, прэзідэнт раскрытыкаваў амерыканскія “хлуслівыя СМІ” і абвінаваціў іх у стварэнні фэйкаў.  

“Зараз, у Вашынгтоне, яны глядзяць, і яны хочуць быць тут сёння ўвечары з намі, — сказаў Трамп. — І нішто не можа радаваць мяне болей, чым быць тут болей як 100 міляў ад Вашынгтонскага балота і праводзіць вечар з усімі вамі”.

Амерыканскі прэзідэнт заявіў, што калі праца СМІ — быць сумленнымі і казаць праўду, то яны заслугоўваюць “тлустай двойкі”.

Асацыяцыя карэспандэнтаў з’явілася ў 1914 годзе, а з 1921 года яе спецыяльныя вячэры традыцыйна наведвалі прэзідэнты ЗША. Трамп гэтую традыцыю парушыў.

Ён таксама паскардзіўся ў Твітэры на тое, што СМІ адмаўляюцца агалошваць спіс яго дасягненняў, у тым ліку 28 падпісаных законаў, “узмацненне на межах і агромісты аптымізм”.

На мітынгу Трамп назваў першыя 100 дзён свайго прэзідэнцтва вельмі прадуктыўнымі і сказаў, што наперадзе “вялікія, вялікія бітвы”, у якіх ён у кожным разе пераможа, перадае ВВС.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі