Трактарны завод прыпыніцца, але толькі на 3 дні

Гэта звязана са святкаваннем 7 лістапада, а не з праблемамі па выплаце заробкаў. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў намеснік генеральнага дырэктара завода Часлаў Федаровіч. Напрыканцы мінулага тыдня з’явілася інфармацыя, што трактарны завод прыпыняе працу з 3 па 11 лістапада. Адзначалася, што гэта звязана з затрымкамі ў выплатах заробкаў, а таксама перагружанасцю складаў.

Еўрарадыё датэлефанавалася да намесніка генеральнага дырэктара завода Часлава Федаровіча. Паводле яго слоў, прадпрыемства перагружанае замовамі і не мае праблем з выплатай заробкаў.

Часлаў Федаровіч:“Трактарны завод працуе ў адпаведнасці з бізнэс-планам, мы перагружаныя замовамі. У нас няма праблемаў ані з выплатай заробкаў, ані з нясвоечасовасцю выплаты заробкаў”.

У Прафсаюзе працаўнікоў аўтамабільнага, трактарнага і сельскагаспадарчага машынабудавання пра праблемы з заробкамі таксама не чулі.

“Там усё нармальна. Інфармацыі пра нявыплату або затрымку выплаты заробкаў у нас няма”.

Часлаў Федаровіч абверг паведамленне пра тое, што завод будзе адпачываць да 11 лістапада.

“7 лістапада у нас дзяржаўнае свята. Атрымлівалася так, што 3-4 — субота-нядзеля, затым 5-6 мы павінны выходзіць на працу, 7 зноў не працуем, 8-9 працуем, а потым 9-11 зноў выхадныя. Мы вырашылі, што завод не будзе працаваць з 3 па 7 лістапада — 5 дзён, а два дні, 5 і 6, мы пераносім на суботы 10 і 24 лістапада”.

Па словах Федаровіча, не ўсе працаўнікі змогуць адпачыць за гэтыя выхадныя.

Часлаў Федаровіч: “Гэтыя 5 дзён нашы рамонтныя службы будуць займацца рамонтамі і рэканструкцыямі вытворчых участкаў”.

Фота - photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі