Вы тут

Традыцыйны Будслаўскі фэст пройдзе сёлета 1-2 ліпеня

Будслаў / t.me/budslau

1-2 ліпеня ў Будславе адбудзецца традыцыйны фэст у гонар Маці Божай Будслаўскай. План святкавання быў зацверджаны на пленарным пасяджэнні Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі 24 траўня, паведамляе сайт catholic.by.

Сёлета дэвіз фэсту будзе гучаць так: "Каралева супакою, маліся за нас".

Падрабязную праграму ўрачыстасцяў абяцаюць апублікаваць пазней. 

Фэст у мястэчку Будслаў на Мядзельшчыне традыцыйна ладзіцца на пачатку ліпеня. Тут знаходзіцца адна з самых шанаваных каталіцкіх святыняў у Беларусі — Будслаўскі абраз Божай Маці. Касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі мае тытул малой базылікі, а свята ўнесенае ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ЮНЕСКА.

У 2021 годзе ў касцёле здарыўся вялізны пажар. Грошы на рэстаўрацыю касцёла збіралі ўсёй краінай. І хаця працы ў храме яшчэ працягваюцца, напрыканцы снежня ён зноў быў адкрыты для вернікаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.