Times: Іспанію абвінавачваюць у здрадзе NATO за яе дапамогу Расіі
![Times: Іспанію абвінавачваюць у здрадзе NATO за яе дапамогу Расіі](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/puerto_de_ceuta.jpg.webp?itok=SyrAk0HM)
Іспанію абвінавачваюць ў здрадзе сваім саюзнікам з NATO і Еўрасаюза з-за таго што Мадрыд дазваляе дзясяткам расійскіх караблёў і субмарынаў праходзіць дазапраўку на ваеннай базе ў Сеуце (Паўночная Афрыка) — а гэта менш за 30 кіламетраў ад базы каралеўскіх ВМС Вялікабрытаніі ў Гібралтары. Пра гэта паведамляе брытанскае выданне The Times.
Паводле звестак газеты з 2011 года Іспанія прымала прынамсі 57 расійскіх дэсантных і ваенных суднаў, а таксама падлодак, што выклікае асцярогі на абодвух баках Атлантыкі.
Па словах ваенных аналітыкаў, “расійскія караблі заходзяць у іспанскі порт так часта, што Сеуту можна назваць ці ні асноўнай расійскай базай у Міжземнамор’і”. У святле агрэсіўных дзеянняў Расіі на міжнароднай арэне, і ва Украіне ў прыватнасці, гэта правакуе абвінавачванні ў здрадзе Іспаніі інтарэсам NATO.
![Times: Іспанію абвінавачваюць у здрадзе NATO за яе дапамогу Расіі](/sites/default/files/paragraphs/image/methode-times-prod-web-bin-7f547b46-235f-11e6-8644-041f71209e1f.jpg)
Прадстаўнік кангрэсу ЗША Джо Пітс заяўляе, што дазвол Іспаніі на карыстанне сваім портам на поўначы Афрыкі караблям Расіі падрывае салідарнасць унутры Паўночна-атлантычнага альянсу. З-за гэтага сфера вайсковага ўплыву Крамля моцна пашырылася і цяпер галоўная задача NATO — абмежаваць гэты доступ.
Гатоўнасць Іспаніі дапамагаць руху ваенных сілаў Расіі можа быць і дэманстрацыяй мускулаў у спрэчцы за Гібралтар, піша The Times.
Апошні інцыдэнт адбыўся ў гэтым месяцы. Іспанскі патрульны катэр наблізіўся на небяспечную адлегласць да амерыканскай атамнай субмарыны, якая заходзіла ў порт. Гэта прымусіла прадстаўнікам брытанскіх ВМС зрабіць папераджальныя стрэлы ў паветра.